У Адміністрацыі прэзідэнта адбылася сустрэча з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў воінаў-інтэрнацыяналістаў і членамі іх сем’яў, паведамляе «Советская Белоруссия». Як піша газета, падчас сустрэчы «афганцаў» з кіраўніком Адміністрацыі Уладзімірам Макеем, «былі абмеркаваныя праблемы, што хвалююць членаў гэтых арганізацый, а таксама шэраг пытанняў агульнадзяржаўнага характару». Макей запэўніў, што дзяржава заўсёды падтрымлівала і будзе працягваць аказваць максімальна магчымую дапамогу аб’яднанням воінаў-інтэрнацыяналістаў і членам іх сем’яў.

Тыдзень таму ў друку з’явіўся ліст палітвязня Мікалая Аўтуховіча. Сам ветэран вайны ў Аўганістане, Аўтуховіч апелюе да іншых «афганцаў»:

«У «дзяржаўнай машыны» ўсё…пабудавана на страху. Але ў маім выпадку яны не ўлічылі тую акалічнасць, што я гатовы ісці да канца. Што мне не страшная смерць, што значна страшней жыць ў ілжы, — і тут мяне зразумее кожны «афганец».

Так, такія нашы прынцыпы — ветэранаў вайны ў Афганістане. Што мы там перажылі, не дай Бог нікому перажыць ў мірны час. Мы зарабілі сабе аўтарытэт у народа як воіны, байцы, і мы пакуль не зрабілі памылак, за якія нас хто-небудзь мог бы крытыкаваць (вядома, не бяром у разлік некалькіх адыёзных «афганцаў», прыкормленых уладай, якія ... кідаюцца на сумленных і прынцыповых грамадзян). Я бачу, што на падыходзе час іншых людзей, але без нашай салідарнасці гэты час можа так і не наступіць», — піша Мікалай Аўтуховіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?