Спроба папулярызацыі ў інтэрнэце працы міліцыі прывяла да скандалу.

Менш чым праз суткі ад пачатку працы «клон» мікраблога ГУУС Мінгарвыканкама GUDV_Minsk у Твітэры спыніў сваю працу.

Як паведамляе Electroname.com, пры спробе адкрыць старонку мікраблога GUDV_Minsk наведніка сустракае паведамленне аб прыпыненні працы акаўнта.

Аўтары афіцыйнага мікраблога ГУУС — GUVD_Minsk — адмаўляюць сваю датычнасць да закрыцця акаўнта.

«Я тут ні пры чым! Сам быў здзіўлены, калі ў 18.30 паспрабаваў паглядзець, чаму калега сціх… А аказваецца, ён ужо недаступны… Цікава, па чыёй ініцыятыве грохнулі клона…», — піша ў ЖЖ прэс-сакратар ГУУС Аляксандр Ластоўскі.

За пяць гадзінаў да гэтага той жа прэс-афіцэрразважаў так:

«Калі ён зробіць супрацьпраўныя дзеянні ў твітэры — я думаю, што знойдзецца на яго ўправа. Толькі не пытайцеся, якая, — гэта вырашаць не мне, а аператыўнікам з Упраўлення „К“, якія адсочваюць гэтыя працэсы».

Учора «клон» паспеў прапрацаваць ўсяго некалькі гадзін і паразважаць пра «міліцэйскія шорты і фуражкі ў дзірачкі», на якія нібыта перайшла мінская міліцыя праз анамальную спякоту, і іншыя тэмы, пераймаючы метады працы мінскіх міліцыянтаў у інтэрнэце. Пасля гэтага рахунак зрабіўся недаступным.

Некалькі месяцаў таму прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама для стварэння станоўчага вобразу мінскай міліцыі ў інтэрнэце адкрыла блогі ў LiveJournal і Twitter, аднак да гэтага часу многія карыстальнікі блогплатформаў ставяцца да спробаў ГУУС з іроніяй.

Асабістыя блогі прэс-сакратара ГУУС Аляксандра Ластоўскага, якія ён вядзе ў працоўны час, неаднаразова аказваліся ў цэнтры інтэрнэт-скандалаў.
Напрыклад, знакаміты беларускі блогер Яўген Ліпковіч так і не дачакаўся выразнага адказу на пытанне аб дзеяннях беларускай міліцыі па экстрадыцыі экс-прэзідэнта Кіргізіі Бакіева, які атрымаў палітычны прытулак у нашай краіне.

А вось як быў пракаментавны ў міліцэйскім твітэры гей-парад, які прайшоў у Мінску 15 мая: «Прызнаюся шчыра — амапаўцы раз’юшаныя, і на мясілава заднепрывадных настроеныя асабліва агрэсіўна. Таму трымайцеся далей… Кроплі крыві запырскаюць фоцік, кавалкі мяса і гм… чаго яшчэ…». Праз некалькі гадзін гэтыя запісы былі выдаленыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?