Усё мінае, казаў калісьці стары Саламон. Аднак штосьці часамі вяртаецца. У новым абліччы з новымі гукамі і пахамі, але з да болю знаёмым блескам ў вачах. Пра гэта чалавецтву распавёў яшчэ адзін мудры старац — Гегель. Леташняя «Вобла» знікла з першымі прымаразкамі, не дажыўшы да спякотнага лета-2010. Панядзелкавыя вячоркі ў лёхах каралавых рыфаў, што уяюць у гарадскіх глыбінях са сталінскіх часоў, паэтычныя вакханаліі ў таварыстве акіянскіх блазнаў адышлі ў нябыт. Але не спяшайцеся несці пластыкавыя кветкі да нашага нягеглага помніка!

Выдавецтва «Галіяфы» гэтым разам вырашыла закінуць сеткі ў самым цэнтры горада, а менавіта ў краме-галерэі «Падземка», якая калісьці славілася з гучных культурніцкіх акцыяў. Аркестр грае забойны рок-н-рол, літаратурныя панкі махаюць кіслотнымі балёнікамі, літаб’яднанне «Вобла» вяртаецца, каб падкінуць вугалькоў у сталічную літаратурную топку. Запрашаем маладых рыбаў-творцаў, будзем таксама радыя магутным літаратурным кітам. Паплылі!

Бліжэйшы заплыў — у панядзелак 12 ліпеня у 18.00. Адрас «Падземкі» — пр. Незалежнасці 43 (каля Акадэміі МУС і крамы «Марко»). Каву, гарбату і печыва на борце гарантуем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?