У Маскве, верагодна, прынятае прынцыповае рашэнне пра змену кіроўнай вярхушкі Беларусі, піша газета.

Гэтым калажам «Московский комсомолец» пракаментаваў артыкул «Мінская разня тэлепілой»

Гэтым калажам «Московский комсомолец» пракаментаваў артыкул «Мінская разня тэлепілой»

Як піша газета «Московский комсомолец» у артыкуле «Мінская разня тэлепілой», эфект бомбы зрабіў у Беларусі фільм тэлеканала НТВ пра Аляксандра Лукашэнку. Толькі праз некалькі дзён з’явілася першая рэакцыя шакаваных беларускіх уладаў.

Спікер верхняй палаты беларускага «парламента» Анатоль Рубінаў намякнуў на магчымасць забароны вяшчання расійскага ТВ на тэрыторыі Беларусі. На ўсялякі выпадак пачалі весці зачыстку мясцовага сектару інтэрнэта.

Вялізны тэкст Рубінава быў змешчаны ў прапрэзідэнцкай газеце «Советская Белоруссия», і яго, верагодна, можна лічыць пазіцыяй афіцыйнай. Аляксандра Рыгоравіча аўтар назваў «таленавітым самародкам з народа». Расіяя ж, на яго думку, не можа змірыцца з незалежнасцю суседзяў і хоча іх падпарадкавання, а вось Лукашэнка карыстаецца безумоўнай падтрымкай грамадзянаў. Без яго Беларусь абавязкова загразне ў міжусобіцах, крымінале, карупцыі. Уласнасць, зямля будуць паскупляныя расійскімі алігархамі, капіталы вывезеныя за мяжу. І Пуціна, і Мядзведзева, па словах спікера, прывялі да ўлады «за ручку» ў якасці пераемнікаў папярэднікі. Лукашэнка ж сумленна выйграў выбары і палохае расійскіх лідэраў сваёй папулярнасцю.

Нагадаем, у мінулыя выходныя па Лукашэнку ўдарыла цяжкая артылерыя з двух буйных расійскіх каналаў — «газпромаўскі» НТВ і бюджэтны Russia Today паказалі разгромныя сюжэты: «Хросны Бацька» і «Невыносны Лука».

Кампрамат падабралі па ўсіх кірунках: і выкраданні людзей, і здзекі з апазіцыі, і нават, у найлепшых савецкіх традыцыях, «амаральныя паводзіны»: сувязь з палюбоўніцай.
Праўда, сенсацыйная інфармацыя не з’яўляецца навіной для шмат каго ў Беларусі і для некаторых у Расіі. Вашынгтон і Брусэль доўгія гады патрабавалі ад Лукашэнкі спыніць парушэнні правоў чалавека і нават уводзілі супраць яго санкцыі. Масква зацята падтрымлівала Лукашэнку, якога цяпер гэтак жа шалёна выкрывае.

Цяпер назіральнікі думаюць, што стала прычынай з’яўлення забойчых сюжэтаў. Так, за апошні час паміж краінамі было нямала бязлітасных канфліктаў — і нафтавая вайна, і газавая, і пытанні Мытнага саюза. Праўда, усе яны да канца чэрвеня так ці інакш былі ўлагоджаныя. Таму шмат хто расцаніў гэтыя сюжэты як прэм’еру Расіі ва ўнутрыбеларускіх справах.

На люты 2011 у Беларусі прызначаныя прэзідэнцкія выбары — і, верагодна, у Маскве прынятае прынцыповае рашэнне аб змене кіроўнай вярхушкі. Дагэтуль Лукашэнка без праблемаў абіраўся на новыя тэрміны (цяпер у яго заканчваецца трэці). Але падаражэнне расійскага газу, блакаванне на расійскіх рынках беларускіх тавараў, а таксама пешчанне апазіцыйных кандыдатаў могуць зрабіць сваю справу.

Эліты Беларусі атрымалі выразны сігнал, што Масква зойме гэтым разам актыўную пазіцыю, а таксама што менавіта Расія забяспечвае перадачу ўлады ў Беларусі.

Цікава, што ў сераду было роўна дзесяць гадоў з моманту знікнення ў Мінску вядомага журналіста Дзмітрыя Завадскага. Двое былых афіцэраў МУС па гэтай справе атрымалі пажыццёвае зняволенне. Фільм НТВ, хоць і не быў паказаны па беларускім тэлебачанні, актыўна распаўсюджваецца праз інтэрнэт. Відэаролікі ў Мінску паглядзелі дзесяткі тысячаў чалавек. Апазіцыйныя сайты назвалі і першых ахвяраў цэнзуры. Так супала, што з 1 ліпеня ў Беларусі запрацаваў новы закон аб інтэрнэце, які дае права правайдэрам адключаць непажаданыя сайты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?