Да 2014 года ў сталіцы паўстане шэсць новых чатырох- і пяцізоркавых гатэляў. У іх ліку элітныя Radisson Olympiс, Hyatt Regency… Найбуйнейшыя міжнародныя карпарацыі гатовыя прыйсці на беларускі рынак паслуг. Але з кім яны будуць канкураваць? З гатэлямі Самога. Многія элітныя гасцініцы Мінска належаць Кіраўніцтву справаў прэзідэнта.

Будучы «Кемпінскі» каля цырка.

Будучы «Кемпінскі» каля цырка.

Прэзідэнцкі нумар у «Краўн Плазе».

Прэзідэнцкі нумар у «Краўн Плазе».

Самы дарагі гатэль сталіцы, «Еўропа», належыць гарвыканкаму.

Самы дарагі гатэль сталіцы, «Еўропа», належыць гарвыканкаму.

Будучы «Рэдысан» насупраць Драздоў.

Будучы «Рэдысан» насупраць Драздоў.

Будучы «Хаят» на Нававіленскай.

Будучы «Хаят» на Нававіленскай.

Абы-каму гатэлі не аддадуць

Па падліках, у Беларусі працуе 297 гатэляў і гатэльных комплексаў. З іх муніцыпальнымі з’яўляецца амаль палова — 130 збудаванняў, пераважна ў райцэнтрах. Але насамрэч доля дзяржавы нашмат большая. Свае ведамасныя гатэлі мае большасць міністэрстваў. Пэўная доля належыць і ўласна Адміністрацыі прэзідэнта.

Напрыклад,

супердарагі гатэль «Мінск» на плошчы Незалежнасці належыць менавіта Кіраўніцтву справаў прэзідэнта.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі існуе план прыватызацыі камунальных гатэляў. Але праграма датычыцца выключна рэгіёнаў. Мінскія гатэлі не прадаюцца.

Да ліку камунальных у сталіцы адносяцца толькі прыбытковыя элітныя «Еўропа» і «Вікторыя».

Найлепшыя зорныя гатэлі

«Зорнасць» гатэляў у нашай краіне рэгулюецца ДАСТам, агульным для ўсіх краін СНД. Ён адрозніваецца ад міжнародных параметраў колькасцю паслуг для VIP-кліентаў. Напрыклад, амерыканцы і еўрапейцы перакананыя, што 5*-я гатэлі мусяць мець басейны і верталётныя пляцоўкі. Беларусі такое і не снілася.

Пяцізоркавых гатэляў у Беларусі ўсяго два. Гэта мінскія «Еўропа» і Crowne Plaza («Краўн Плаза»).

Як ужо зазначалася раней, «Еўропа» знаходзіцца ў муніцыпальнай уласнасці. Адкрыты пасля рэканструкцыі ў 2007 годзе, гатэль адразу ж выйшаў на самаакупнасць. Яшчэ б! Самы просценькі аднамясцовы нумар каштуе 265 еўра за ноч. А вось за прэзідэнцкі люкс трэба заплаціць як мінімум 1105 еўра.

Crowne Plaza — адзін з нешматлікіх гатэляў, што належаць замежнікам. Яго ўладальнік — турак Судзі Азкан.
«НН» пісала пра яго як уласніка элітнага казіно, у якім кожны наведнік траціць як мінімум тысячу даляраў, і ягоную жонку-беларуску. Бізнэсовец узначальвае сусветную карпарацыю Princess International Group. Мінскае будаўніцтва каштавала яму $34 мільёны. Гатэль адчыніў свае дзверы ў 2008 годзе. Самы танны нумар каштуе 204 еўра за ноч.

Сертыфікат чатырохзоркавых гатэляў у краіне маюць мінскія «Вікторыя», «Мінск» і віцебская «Лучоса».

«Лучоса» — найлепшы гатэльны комплекс за межамі сталіцы. Яго пабудавалі віцебскія ўлады ў 2004 годзе, перадусім для гасцей «Славянскага базара».

Муніцыпальная «Вікторыя» адкрылася ў Мінску ў 2007 годзе. Яна хоць і належыць сталічным уладам, але цесна звязаная з Расіяй. Піцерскія бізнэсоўцы маюць там памяшканні пад казіно. За мінулы год чысты прыбытак гатэля склаў $1,75 мільёна. Пры гэтым яго можна лічыць бюджэтным у параўнанні з астатнімі. Кошт нумароў пачынаецца «ўсяго» са 135 еўра.

«Мінск», якім валодае ўпраўленне справамі прэзідэнта Беларусі, летась зарабіў больш — $2,5 мільёна. Нумары каштуюць ад 145 еўра. Пасля рэканструкцыі ён адкрыўся ў 2002 годзе.

Сераднякі

Геаграфія шаснаццаці трохзоркавых гатэляў шырэйшая. Яны прадстаўленыя ў кожнай з абласцей. Больш за ўсё, зразумела, у Мінску. Але прыватных сярод іх вобмаль. Адзін з такіх, сціплы, мае Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB).

Кіраўніцтва справаў прэзідэнта валодае адразу двума — «Планетай» і «Юбілейным».
«Сілічы» і тры гатэлі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» належаць дзяржаве, а «Нафтан» — аднайменнаму наваполацкаму прадпрыемству.

Жлобінская «Славінаспорт» належыць замежнаму прадпрыемству «Юнівест-М», якое займаецца пастаўкамі і перапрацоўкай нафты. Таксама кампанія мае інтарэсы на рынку нерухомасці Беларусі.

Лідскі «Кантынент» мае ва ўласнасці кампанія «Ліпласт-СПБ» на чале з мясцовым бізнэсоўцам Ігарам Рышкевічам. Прадпрыемства займаецца выпускам вырабаў з шклапластыка. Праўда, кажуць, што грошы на гатэль выдзеліў не ён, а ягоны брат, уладальнік лакафарбавага завода ў Пецярбургу.

Па ўзроўні камфорту да трохзоркавых гатэляў адносяць і гродзенскі «Сямашка». Ім валодае нядаўна пастаўлены старшыня праўладнага Саюза палякаў Станіслаў Сямашка.
Але ягоная гасцініца пакуль што не прайшла сертыфікацыі.

Перспектыўныя праекты

Канкрэтныя планы па будаўніцтве элітных гатэляў маюцца адразу ў некалькіх інвестараў. Найбольшы розгалас набыў праект сусветнай карпарацыі Kempinski. Грамадская думка ўсё ж «вынесла» будынак з Кастрычніцкай плошчы ў раён цырка. Найбольшы пакет акцый кампаніі належыць Бюро нерухомасці Тайланда.

Hyatt Regency павінен быў з’явіцца ў раёне вуліцы Нававіленскай у Мінску ўжо летась. Амерыканская карпарацыя Global Hyatt Corporation мае гатэлі ў 45 краінах свету. На чале арганізацыі стаіць сям’я чыкагскіх мільярдэраў Прыцкераў.

У наступным годзе ў Беларусь прыйдзе і яшчэ адна амерыканская сетка, Radisson. Грошы на гэты гатэль, тым не менш, дае расійскі інвестар. Кампанія гатовая пабудаваць у дадатак да гасцініцы яшчэ і штаб-кватэру Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

Пасля рэканструкцыі стане пяцізоркавай і гасцініца «Кастрычніцкая». Яна зменіць назву на саліднае «Прэзідэнт-гатэль». Назва адпавядае ўладальніку. Гатэль месціцца ў суседнім будынку з Адміністрацыяй прэзідэнта і належыць Кіраўніцтву справаў прэзідэнта Беларусі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?