Як вядома, НТВ паказала беспрэцэдэнтна жорсткі фільм пра Лукашэнку. Але перад гэтым на рэдкасць непрыемны артыкул пра Беларусь з’явіўся на сайце расійскага часопіса «Русский репортёр»:

БНР — «эксперименты с несуществующими государствами», Галерэя «Ў» — «андеграундное заведение с уклоном в белорусский национализм». Не мог аўтар з блізкага да Крамля выдання абысціся і без сцёба з беларускай мовы — «Уси мы с вами бачим, якие проблемы у нашего района. Чиновники сюды не заглядывают, на станцыю Мозырь им наплявать».
Таксама чытайце пра такога-сякога Франака Вячорку, які «всех дастау», Алеся Пушкіна, які, бач ты, «говорит с непонятно откуда взявшимся акцентом». І ўсё гэта з такім тыповым высокамерным павучальным тонам маскоўскага сноба, назіраючага за капашэннем гэтых інфантыльных беларусаў.

Па меры пагаршэння адносінаў Беларусі і Расіі колькасць такіх артыкулах у пракрамлёўскіх СМІ кшталту «Эксперта» ці «Известий» будзе толькі павялічвацца. Дастаткова толькі ўспомніць вал антыўкраінскай прапаганды на расійскай тэлевізіі ў апошнія пяць гадоў — усе гэтыя рэчы, скіраваныя не проста супраць нязручнага для Расіі прэзідэнта Віктара Юшчанка, але супраць Украіны і ўкраінскасці як такіх. Прыдумалі, понимаешь, сабе мову і дзяржаву нейкую, якая канечне ж хутка распадзецца на дзве часткі.

Вось пара яскравых прыкладаў:

Гледзячы унтыўкраінскія агіткі па расійскім ОРТ ці на Russia.ru было вельмі складана не праводзіць паралелі з Беларусяй і не прадбачыць, што

аднойчы прыйдзе дзень, калі крамлёўскі тэлевізар распавядзе нам пра тое, як польскія нацыяналісты распрацавалі беларускую мову, а Адольф Гітлер прыдумаў неіснуючую Беларускую Народную Рэспубліку.
Падобна, што гэты дзень надыходзіць.

Занадта многія расійцы з умерана кансерватыўнымі палітычнымі поглядамі і ўмеранай адукацыяй, гаворачы з табой як з беларусам, так і цягнуць гутарку да таго, што ўсе мы, разумееш, славяне і павінны быць разам. Ім цяжка фармальна запярэчыць, гэтаксама цяжкая і тлумачальная праца, якую даводзіцца пачынаць здалёк: што «братэрства» павінна разумець пад сабой раўнапраўе і павагу да ўнікальнасці адно аднаго, што яно не павінна абазначаць аб’яднанне ў адну дзяржаву ці выключэнне палякаў і літоўцаў з шэрагу нашых «братоў». Пагатоў складана растлумачыць, што знаходжанне Літвы-Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ці савецкую акупацыю Беларусі складана апісавць у катэгорыях братэрства.

Выключэннем сярод расійцаў у першую чаргу складае актыў дэмакратычнай апазіцыі, адзінкавыя антыімперыялісты кшталту Валерыі Навадворскай.

Шкада, што палітычны канфлікт Лукашэнкі і Крамля немінуюча выліецца ў пагаршэнне адносінаў паміж расійцамі і беларусамі. Сацыялагічныя апытанні як у Расіі, так і ў Беларусі паказваюць, што гэта ўжо адбываецца. Але рана ці позна гэта ўсё роўна павінна было здарыцца.

Але вернемся да нашумелай перадачы па НТВ, якая выйшла ўжо пасля з'яўлення допіса, які вы чытаеце. У нядзельны прайм-тайм падкантрольны «Газпрому» тэлеканал паказаў беспрэцэдэнтна жорсткі фільм пра Лукашэнку. Бадай што ўпершыню нагэтулькі адкрыта ў Расіі прагучалі сумнавядомыя факты пра выкраданне апазіцыйных палітыкаў у канцы 90-х, пра рэпрэсіі супраць іншадумцаў.

Першая частка фільма ўжо з’явілася на youtube:

Адно толькі,

аўтары фільма ў характэрнай манэры сціпла змаўчалі наконт таго, што ў рэшце рэшт менавіта Расія перашкодзіла імпічменту Лукашэнку ў 1996 годзе і зрабілася палітычным спонсарам дзяржаўнага пераварота
ўвосені таго года; як і пра тое, што ўсе гэтыя гады менавіта Расія аказвала вырашальную для захавання рэжыма матэрыяльную і палітычную падтрымку, будучы ці не адзінай краінай, якая прызнавала вынікі лукашэнкаўскіх выбараў, у тым ліку 2006 года. Чамусці чатыры гады таму пратэсты апазіцыі пасля «выбараў» апісваліся на расійскім РТР не асабліва іншымі словамі, чым на БТ.

З’яўленне гэткага фільма — пазітыўная рэч. Але варта памятаць, што расійская палітыка ў дачыненні да Беларусі мае два прыярытэты: змену ўлады і замацаванне залежнасці Беларусі ад Расіі, дзе першае з’яўляецца інструментам па дасягненні другога. Пытанне ў тым, ці хочуць беларусы згадзіцца на другое, каб дасягнуць першага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?