Парламент Фінляндыі 1 ліпеня на экстранным пасяджэнні, апошнім перад летнімі вакацыямі, 120 галасамі супраць 72 ухваліў прапанову ўрада аб магчымасці будаўніцтва дзвюх новых энергетычных ядзерных рэактараў і пашырэння сховішча ядзерных адходаў.

Прыняцце рашэння суправаджалася масавымі пратэстамі — на працягу тыдня грамадскія арганізацыі Фінляндыі і іншых еўрапейскіх краін, у тым ліку Беларусі, праводзілі кругласутачныя пікетаванні будынка парламента і акцыі ў цэнтры Хельсінкі.

1 ліпеня ў 6.30 па мясцовым часе перад парламентам Фінляндыі сабраліся прадстаўнікі грамадскасці і арганізацый з еўрапейскіх краін, якія асудзілі рашэнне, якое адкрывае магчымасць будаўніцтва ў краіне новых АЭС.

Прадстаўнікі Антыядзернай кампаніі з Беларусі і Расіі разам з іншымі ўдзельнікамі Балтыйскага інфармацыйнага тура расцягнулі на прыступках перад уваходам у будынак банеры «Не новым АЭС!», «Не новым чарнобылям у Беларусі, Літве, Фінляндыі, Расіі!». Яны заявілі, што будуць працягваць барацьбу з безадказнымі рашэннямі за экалагічна чысты балтыйскі рэгіён. У прыватнасці, 28 жніўня шэраг грамадскіх арганізацый Фінляндыі будзе блакіраваць дарогу на АЭС у Алкілуота.

Рашэнне парламента аб новых рэактарах не азначае аўтаматычнага пачатку будаўніцтва АЭС у краіне. Віцэ‑старшыня парламенцкага камітэта па навакольным асяроддзі Пенты Цюсанен заявіў БелаПАН, што яно павінна быць разгледжана ўрадам. «Ёсць верагоднасць, што яно не будзе ўхвалена, паколькі тыя ж зялёныя ва ўрадзе выступаюць супраць», — сказаў дэпутат.

«З іншага боку, вынік галасавання — гэта кепскі прыклад для іншых краін, такіх, напрыклад, як Беларусь, паколькі ў Фінляндыі сёння дзейнічаюць даволі высокія стандарты ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Многія краіны глядзяць на нас і могуць сказаць: калі Фінляндыя будуе АЭС, чаму не можам пабудаваць мы?» — адзначыў Цюсанен.

«У 2011 годзе ў нас будуць выбары, і я думаю, што ў тых парламентарыяў, хто сёння прагаласаваў за АЭС, будуць кепскія шансы атрымаць галасы выбаршчыкаў, — лічыць парламентарый. — Акрамя таго, пасля выбараў памяняецца ўрад, а гэта значыць, што рашэнне па АЭС мае шансы не атрымаць ухвалы новага кабінета. Цяпер грамадскае меркаванне ў Фінляндыі з невялікай перавагай супраць ядзернай энергетыкі».

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?