Піша ў сваім блогу Пётра Рудкоўскі.

У часе цырымоніі будучы святар ляжыць плазам перад алтаром.

У часе цырымоніі будучы святар ляжыць плазам перад алтаром.

Наймацней жаданне быць святаром я адчуваў у 10–13 гадоў. Дні і ночы я праводзіў на пісанні-перапісванні літургічных малітваў, каб магчы ўпотай інсцэнізаваць літургічныя абрады. Літургія пагрузіла мяне ў нейкую летаргію — сон-мару пра сапраўднае спраўленне абрадаў святой імшы з сапраўднай (а не толькі ўяўлянай) публікай у сапраўдных шатах. Эстэтыка літургічнага дзеяння стала для мяне ледзь не сэнсам жыцця.

Палавое даспяванне зрабіла сваю справу. З’явіліся іншыя сны, іншыя мары. Перапісванне малітваў замянілася пісаннем квазі-раманаў і квазі-вершаў. Бог ніколі не знік з цэнтру духоўнага жыцця, але ідэя быцця рыма-каталіцкім (то бок, нежанатым) святаром мусіла прайсці этап жорсткай канкурэнцыі.

Ва ўзросце няпоўных 17 гадоў усё ж быў зроблены выбар на карысць падрыхтоўкі да святарскага жыцця. Чаму менавіта такі выбар? Па-першае, хацелася вывучаць філасофію і багаслоўе, па-другое, з’явілася абвостранае ўспрыманне этычных і культурных праблем. П’янства, аборты, разводы, матэрыялізм, геданізм, бязбожнасць — гэтыя праблемы вельмі мяне хвалявалі. Хвалявала таксама і іншае — атрафія нацыянальнай свядомасці беларусаў і мізэрная гістарычная памяць. Статус святара бачыўся як аптымальная магчымасць прыняць гэтыя этычна-культурныя выклікі.
І так, ва ўзросце 16–17 гадоў аднавілася жаданне стаць святаром, але змянілася матывацыя. Эстэтыка ўступіла месца этыцы.

Наперадзе, аднак, быў шэраг канфліктаў і выпрабаванняў. Паступленне ў духоўную семінарыю азначала перадусім сутыкненне з іерархіяй, то бок сакралізаванай уладай. Іерархія пранікала ўсё: структуру касцельнай улады, дактрыну, літургію, этыку, студэнцкае (дакладней, «клерыцкае») жыццё, сяброўскія адносіны. Так, нават сяброўства. Нярэдка даводзілася чуць, што, напрыклад, сяброўства духоўнай асобы са свецкай — рэч непрымальная, а з асобай жаночага полу і пагатоў. Запомніўся лацінскі вершычак на гэтую тэму: Dixit laicus clero: numquid tibi amiсus ero (Сказаў свецкі духоўніку: ніколі сябрам не буду тваім).

Аднойчы я меў такі сон. Апынуўся ні то ў храме, ні то палацы, ззяючым нейкай незвычайнаю беллю. Праз момант заўважаю яшчэ адну асаблівасць: сцены, падлога, калоны і алтар гэтага храма-палаца перапоўнены маленечкімі адтулінамі, а ў мяне на плячах — маленькія выступы, падобныя да тых, якія маюцца ў кубіках дзіцячага канструктара, пры дапамозе якіх яны дапасоўваюцца і злучаюцца адно з другім. Выяўляецца, што ў гэтым велічным храме я з’яўляюся нечым накшталт канструктарскага кубіка… Алегорыя касцельнай іерархіі?

Пасля чатырох гадоў навучання ў семінарыі мяне адправілі ў «акадэмічны водпуск». Было ясна, што ўлады семінарыі, ды ўвогуле высокапастаўленае духавенства ўключна з мясцовымі біскупамі, не жадаюць маёй прысутнасці ў семінарыі. Дый я ўжо не хацеў навучацца ў гэтай семінарыі. Паўстала драматычнае пытанне: што рабіць? Пачаткова бачыліся тры опцыі: 1) перайсці ў Віленскую семінарыю, 2) вярнуцца да свецкага жыцця, 3) перачакаць «дзень гневу» і праз нейкі час вярнуцца ў папярэднюю alma mater, тым больш, што намячаліся ў ёй кадравыя змены.

Неўзабаве, аднак, з’явілася чацвёртая опцыя: Ордэн Прапаведнікаў. Адкрыццё гэтага ордэна было сапраўды благаслаўлёным і радасным момантам. Дэмакратычны спосаб кіравання, адкрытасць на сучасны свет, лагодны антыклерыкалізм — і ўсё гэта ў спалучэнні з моцнай укарэненасцю ў Евангелле і багатай філасофска-багаслоўскай спадчынай. Ужо тады я дзякаваў Богу за ўсе семінарыйныя цяжкасці і непрыемнасці, бо без іх наўрад ці адкрыў бы дамініканскую харызму.

Уступаючы ў Ордэн, я перадусім уступаў у супольнасць братоў-прапаведнікаў. Думкі пра святарства адыходзілі на задні план. Я ведаў, што хачу быць дамініканцам, але ці хачу быць святаром…
У часе фармацыі ў ордэне рэдка думаў пра гэта. Святарства асацыявалася перадусім з іерархіяй, у звязку з чым явілася яно як нешта амбівалентнае, а перспектыва прыняцця пасвечанняў змяшчала ў сабе трывожныя ноты. Пакуль я быў на пачатковай стадыі фармацыі і можна было быць «папросту» дамініканцам, а прыняцце святарскага сану было аддаленай перспектывай, усё ішло даволі гладка і лёгка. 2000—2005 гг. (22 — 27 гады майго жыцця) я б мог назваць перыядам «другога дзяцінства» — цудоўны і амаль бесклапотны перыяд, калі мог з ранку да вечара ўволю «бавіцца» Юнгам, Гайдэгерам, Фамою Аквінскім ды многімі іншымі інтэлектуальнымі забаўкамі.

Але надышоў час прымаць больш сур’ёзныя і «дарослыя» рашэнні. Першы драматычны сігнал з’явіўся ў конадзень дыяканскіх пасвечанняў. Ён паходзіў знутры. Неспакой, трывога, разгубленасць і паняверка запаланілі мяне. Гадзіну ці паўтары я кружляў самотна ва ўнутраным дворыку кракаўскага кляштара, шэпчучы малітоўныя звароты Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Неўзабаве, у працэсе аўтарэфлексіі, пачалі праясняцца і тэматызавацца прычыны тае трывогі і неспакою. У якой ступені святар можа захаваць інтэлектуальную незалежнасць? Ці этычна прымаць святарскія пасвечанні, прадчуваючы, што ты будзеш, магчыма, разыходзіцца з некаторымі пунктамі афіцыйнага касцельнага вучэння? З другога боку, што такое афіцыйнае навучанне? Чым апраўдана яго абавязальная сіла? — такія пытанні былі зместам майго духоўнага крызісу.

Да паглыблення крызісу спрычыніліся і іншыя фактары. Абудзілася туга па каханні. Навалілася пачуццё «палавіністасці» і ненатуральнасці жыцця ў цэлібаце. Гэты момант, вядома ж, уяўляў сабой сур’ёзны выклік не толькі для святарскага, але і дамініканскага вымярэння майго жыцця, бо хоць цэлібат не ўваходзіць у формулу дамініканскіх зарокаў, то ўсё ж маецца на ўвазе, а таксама фіксуецца ў канстытуцыях як адзін з сутнасных элементаў дамініканскага жыцця.

Цягам 2005–2007 гадоў у Польшчы мелі месца гучныя выпадкі пакідання святарства і манаскага жыцця вядомымі асобамі: выбітным рэлігіязнаўцам і экуменічным дзеячам езуітам Станіславам Абіркам, філосафам і заснавальнікам Школы філасофіі і тэалогіі ў Варшаве дамініканцам Тадэвушам Бартасям, дэканам тэалагічнага факультэта Познаньскага ўніверсітэта, адным з найлепшых тэолагаў ксяндзом Томашам Вэнцлаўскім. У чым загадка гэтых сыходаў? Гэтае пытанне падкормлівала мае сумневы і прымушала адтэрмінаваць святарскія пасвечанні.

Сёння многія, віншуючы мяне «са святарствам», суправаджаюць віншаванні трыумфалісцкай ноткай: «Ну, нарэшце вы дамагліся свайго» альбо «Віншую з гэтай вамі доўгачаканай падзеяй». Няцяжка заўважыць, што адтэрміноўку майго рукапалажэння многія ўспрымалі ці то як волю маіх настаяцеляў або/і біскупаў, якія быццам бы хацелі мяне за нешта пакараць, ці то як інтрыгу маіх ідэйных апанентаў. Але не, з боку ўладаў Ордэна асаблівых пярэчанняў не было, з боку біскупаў Беларусі была пэўная насцярожанасць, але пераважала ўсё ж добразычлівае стаўленне, а ідэйныя апаненты ўвогуле не мелі ніякага ўплыву на мой лёс. Адтэрміноўка была перадусім маім уласным рашэннем, абумоўленая сумневамі і маральнымі дылемамі. Таму цяжка атаясаміцца з прамоўленымі ў добрай веры віншавальнымі зваротамі кшталту: «нарэшце дамагліся!» альбо «вось, вамі доўгачаканая падзея».

Насамрэч гэта была доўгапазбяганая падзея.

Чаму ж я ўрэшце вырашыў прыняць рукапалажэнне? Цягам пяці апошніх гадоў давялося шмат чаго перажыць і пераасэнсаваць. Па-першае, давялося спазнаць ціхую і далікатную прысутнасць у маім жыцці Божай Прадбачнасці. Быў нейкі «шэпт Бога», які ні да чаго не прымушаў, але як быццам «намякаў» на працяг абранага жыццёвага курсу. Па-другое, важным фактарам было адчуванне даверу з боку многіх вернікаў. Ведаю, што многія мае блізкія і далёкія прагнулі майго рукапалажэння.

Прызнаюся, што пачаткова я насцярожана ставіўся да гэтага прагнення. Не давяраў гэтаму даверу. Мне гэта асацыявалася з юнгаўскай праекцыяй — вось, маўляў, людзі выконваюць на мне акт сакралізацыі, несвядома атаясамліваюць мяне з нейкімі сваімі архетыпамі.

Праз нейкі час, аднак,

мадыфікавалася маё стаўленне да людзей, прагнучых маёй ардынацыі. Можа не ва ўсіх, але прынамсі ў многіх з гэтых людзей выразна заўважалася вера ў маё пакліканне. Здаровая хрысціянская вера. Многія маліліся за мяне і ахвяроўвалі за мяне добрыя ўчынкі. Прынамсі ў некаторых з іх было нешта іншае і большае, чым праекцыйная сакралізацыя.

Тым не менш, нават гэтых двух фактараў — давер людзей і прысутнасць Прадбачнасці — было б недастаткова, каб я адважыўся прасіць аб рукапалажэнні, калі б не трэці фактар: (пера)асэнсаванне таго, чым насамрэч у хрысціянстве ёсць святарства. Трэба было здзейсніць нешта накшталт багаслоўскай археалогіі: перакапаць мноства інтэрпрэтацыйных слаёў і «дакапацца» да таго кораня, які даў пачатак таму, што мы мянуем — не вельмі трапна — «святарствам».

У хрысціянстве ёсць толькі адзін Святар — Ісус Хрыстос. Ён жа — адзіны Пасярэднік. Апосталы не былі святарамі. Вучні апосталаў таксама імі не былі. Вучні вучняў… аж да трэцяга стагоддзя не былі святарамі. Супольнасць хрысціянаў не была hierarchia — пірамідападобнай структурай «духоўнай» улады — а была папросту ekklesia — скліканнем розных водле функцый, але роўных па статусе братоў і сёстраў у Хрысце. І сярод гэтых шматлікіх функцый

існавала функцыя прасвітара, якая давала права дадзенай асобе быць «старэйшым» падчас літургічных спатканняў. Але гэтае «старшыняванне» не ператварала дадзенай асобы ў персону «вышэйшага гатунку», яна надалей заставалася «роўнай пасярод роўных».

Для некаторых — выхаваных у «правільнай» каталіцкай ці праваслаўнай традыцыі — сказанае вышэй можа падацца скандальным, для іншых жа — асвоеных з пратэстанцкім вучэннем — наадварот: банальнасцю, нечым, што ўжо здавён падкрэсліваецца багасловамі рэфармаваных цэркваў. Насамрэч жа сфармуляваная вышэй рэфлексія не з’яўляецца ані скандальнай, ані банальнай. Па-першае, для мяне важна перадусім памяць пра «корань», з якога вырастае каталіцкая ці праваслаўная паслуга прасвітара, а не прынцыповая дэструкцыя ўсіх «нарастаў», якія з’явіліся на гэтым корані. З’яўленне розных «нарастаў» — натуральны і ў нейкім сэнсе непазбежны працэс. З другога боку, нельга не заўважыць дзіўнай тэндэнцыі ўнутры каталіцызму і праваслаўя да ператварэння гістарычна-культурных інтэрпрэтацый у фундаментальныя тэзісы, прэтэндуючыя да выражэння сутнасці прасвітарату.

«Святар», «іерэй», «пастыр», «вялебны айцец», «ксёндз-дабрадзей», «другі Хрыстос» — гэта інтэрпрэтацыйныя «нарасты», якія паўсталі на культурай глебе розных эпох і рэгіёнаў. Не варта іх блытаць з «коранем».

Прыгаданне пра карані прасвітэрскай паслугі дазволіла мне супакоіцца і без унутранага скрыгату прасіць аб рукапалажэнні. Лічу, што ў такой іерархізаванай і патрыярхізаванай інстытуцыі, як рыма-каталіцкі Касцёл, такое прыгадванне асабліва важна. Важна таксама прабіцца праз воблака кадзільнага дыму ў выглядзе пафасна-містычнай тытулятуры, гатовай пасунуцца аж да зраўнання прасвітара з Ісусам Хрыстом. Важна зберагчы тоеснасць брата, роўнага-пасярод-роўных, якога супольнасць дэлегавала да «старшынявання» падчас літургічных спатканняў. Думаю, што

рукапаложаны хрысціянін павінен перш за ўсё ўзрастаць і развівацца як сапраўдны брат для іншых чальцоў супольнасці. Гэта ўжо пазней — па меры сталення і здабывання духоўнае мудрасці — ён можа паволі ператварыцца ў духоўнага айца, але нават і тады павінен памятаць, што ў поўным сэнсе слова «ёсць толькі адзін Айцец — той, што ў небе» і «адзін Настаўнік — Хрыстос» (пар. Мц 23: 8–9).

У той памятны дзень 24 чэрвеня я пачуў багата цёплых і поўных зычлівасці слоў. Але гэтая цеплыня часам сягала неапраўдана высокіх градусаў. Мая сястра апавядала, як некаторыя набожныя парафіянкі настойліва яе папраўлялі, калі яна казала проста «Пётра». Ойча Пётр — падкрэслена пазначалі яны, пераконваючы, што нават мая родная сястра павінна да мяне і пра мяне казаць не інакш, як толькі «Ойча». Добра, што хоць ніхто не дадумаўся маіх бацькоў схіляць да таго, каб велічалі свайго сына «айцом».

Не перагінайма, браты і сёстры, з тытулятурай. Не перагінайма з сакралізацыяй царкоўных слугаў. Не шукайма земскіх субстытутаў Бога ці то ў выглядзе залатога цяльца, ці ў выглядзе «святога айца». Паважайма сваіх пастыраў, але не абагаўляйма іх.
У рамках гэтага пасылу заранёў прашу прабачэння за тое, што буду без энтузіязму рэагаваць на звароты «ойча Пётр» альбо «ксёндз Пётр». На дадзеным этапе вяршыняй маіх амбіцый з’яўляецца быць братам і дапамагчы іншым станавіцца братам і сястрой для бліжніх.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?