На распродажах прадаецца ўсё — ад адзення, абутку і касметыкі да бытавой тэхнікі і авіябілетаў. Але толькі нямногія спажыўцы ведаюць, што купляючы тавары на распродажах, ашчаджаеш зусім не так шмат, як падаецца.

Ілюзорная эканомія

На распродажах кліенты могуць разлічваць не толькі на прывабныя цэны, але і на мноства іншых акцый, якія крамы ладзяць пастаянна. Напрыклад, на начных распродажах большасць прадуктаў можна купіць за палову цаны або са значнай зніжкай. Крамы ахвотна праводзяць такія акцыі — з аднаго боку, гэта дазваляе пазбавіцца ад заляжалага тавару, з другога — зарабіць на высокай наведвальнасці, прадстаўляючы заадно новыя калекцыі.

Гандлёвая інспекцыя Польшчы, вывучыўшы спосабы прамоцыі, якія выкарыстоўваюць гандляры, высветліла, што чвэрць з іх скіраваныя на тое, каб проста хутка прадаць тавар і пры магчымасці зарабіць на кліентах.

Прадаўцы ведаюць шмат спосабаў прымусіць кліента заплаціць шмат грошай і выйсці з крамы з пачуццём, што ён і сам хацеў гэта купіць.
Найбольш часта прадаўцы выкарыстоўваюць наступны прыём: на распродажы яны інфармуюць пра 20-, 30-, 50- ці нават 70-працэнтныя зніжкі, змяшчаюць на цэтліку закрэсленую ранейшую цану, а побач — новую. Але калі б кліенты ведалі цану тавару перад распродажам, яны б убачылі, што яна роўная новай (каля 6% разгледжаных выпадкаў), вышэйшая за тую, якая была, калі тавар з’явіўся ў краме (каля 1,5%), або што тавар па ранейшай цане ніколі не прадаваўся або не прадаваўся непасрэдна перад пачаткам прамоцыі (каля 24%).

Вельмі часта бывае так, што ўладальнікі крамаў абвяшчаюць распродаж з прычыны ліквідацыі крамы. Такая інфармацыя часам вісіць некалькі месяцаў або з’яўляецца ў адной і той жа краме некалькі разоў на год.

Часта таксама да нейкага прадукту на распродажах прыкладаецца «падарунак». Рэклама крычыць, што вы атрымліваеце на 20% больш шампуню, соку, — але мала хто з пакупнікоў адзначае, што кошт такога прадукту вышэйшы за цану таго, дзе «падарунка» няма. «Бясплатны» прадукт, што дадаецца да прадаванага (кандыцыянер да шампуня, кілішак да бутэлькі напоя, місачка да шматкоў), бясплатным не з’яўляецца, таму што ў гэтым выпадку цана таксама вышэйшая. Паводле Гандлёвай інспекцыі, у больш чым 9% выпадкаў тавар з «бясплатным» дадаткам даражэйшы, чым без яго.

Яшчэ адзін хітрык — мультыўпакоўка. Калі пералічыць цану, напрыклад, кожнай бутэлькі вады ў адной упакоўцы, атрымаецца, што той жа тавар, куплены асобна, насамрэч быў бы таннейшы. Найбольш непрыемна бывае, калі цана на касе адрозніваецца ад бачанай на паліцы. Гэта здараецца даволі часта.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?