Арганізатары фестывалю не здолелі дамовіцца з польскім кансулятам.

Арганізатары фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча», які ўжо ў 21-ы раз пройдзе ў Польшчы 16—17 ліпеня, паведамілі, што ў гэтым годзе бясплатных візаў для жадаючых наведаць фэст ня будзе.

Прычыны безвыніковых дамоваў з польскім кансулятам у Беларусі тлумачыць старшыня БАС Кася Кузьміч: «Мы плянавалі дамовіць 300 бясплатных візаў для беларускіх гледачоў, аднак доўгі час ня было адказу ад кансуляту ў Менску. Зьявілася і другая праблема — бясплатныя візы для гуртоў-удзельнікаў. Але з гуртамі ўрэшце сытуацыя вырашылася і ўсе паедуць на фэст. Аднак магчымасьцяў і часу для выдачы бясплатных візаў для гледачоў сёлета няма. Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня мы спадзяваліся дамовіць візы праз Горадню, аднак і там не атрымалася».

Буйнейшы беларускі рок-фэст «Басовішча» ладзіцца недалёка ад беларускай мяжы ў Польшчы з пачатку 90-х, аднак у апошнія гады трапіць на фэст стала складаней з-за візавага рэжыму. Практыка арганізаванай выдачы візаў на фэстываль пачалася ў 2006 годзе — тады візы атрымалі ўсе жадаючыя. У 2008 годзе, калі кошт візы дасягнуў 60 эўра, бясплатныя візы атрымалі 400 чалавек з 1000 жадаючых, а ў мінулым годзе колькасьць выдадзеных бясплатных візаў дасягнула 600 шчасьліўчыкаў, аднак заяўкі 40% жадаючых былі не задаволеныя гарадзенскім кансулятам.

Найбольшая праблема выдачы бясплатных візаў заключалася ў пытаньні, як распазнаць у людзях тых, хто хоча трапіць на Басовішча, а хто — проста вандраваць па Эўропе па халяўнай візе, а таксама ў арганізацыі валянтэрскай каманды па зборы дакумантаў. Фэстываль бясплатны, таму варыянт «віза па квітку» не падыходзіць.

Сёлёта Басовішча ўпершыню пройдзе без візавых дамоваў. Як паўплывае гэта на колькасьць гледачоў зь Беларусі, арганізатары фэстывалю прагназаваць не бяруцца:

«Зараз цяжка сказаць, але на самім фэсьце, думаю, гэта будзе заўважна», — гаворыць Кася Кузьміч.

21-е Басовішча пройдзе ў «экспэрымэнтальным» фармаце. Упершыню за многія гады на сцэну фэстывалю ня выйдуць традыцыйныя для яго хэдлайнэры NRM, «Крама» і «Нэйра Дзюбель», аднак упершыню прыедзе «Ляпіс Трубяцкой» (праграма фэсту). Таксама сёлета конкурс фэстывалю пройдзе без канцэрту-прагляду ў Менску — сябры журы ў складзе трох асобаў завяршаюць працу па адборы 5—6 гуртоў з 20 заявак, якія выступяць на Басовішчы і пазмагаюцца за галоўны прыз — 10 гадзінаў запісу ў польскай студыі Rembrandt і 1000 даляраў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?