Нясвіжскі раённы суд прызнаў клецкага актывіста невінаватым. Цяпер ён збіраецца судзіцца з тымі, хто яго абылгаў.

Як паведаміў Сяргей Панамароў, 29 чэрвеня ў Нясвіжскім раённым судзе прайшло заключнае паседжанне па адміністрацыйнай справе супраць яго. Суддзя Марына Дунаева спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да Панамарова, палічыўшы яго невінаватым. Падставай для такога рашэння сталі шматлікія парушэнні з боку клецкай міліцыі. Так, Нясвіжскі суд высветліў, што справа супраць клецкага актывіста была фактычна сфабрыкаваная: сведкі з боку абвінавачвання блыталіся ў паказаннях, на пратаколе, складзеным участковага міліцыянта Гардзея адсутнічаў подпіс Панамарова.

Цяпер Панамароў рыхтуе сустрэчныя заявы ў пракуратуру і абласное ўпраўленне ўнутраных спраў на начальніка Клецкай ЖКГ, яго сведак і клецкіх міліцыянтаў. Ён паведаміў, што УУС Мінаблвыканкама збіраецца заняцца ягонай першай заявай у пракуратуру на дзеянні А. Навіцкага ад 15 сакавіка 2010 г. «Мая заява дагэтуль не разгледжаная», — патлумачыў Панамароў.

Нагадаем, што 15 сакавіка гэтага года Панамароў звярнуўся ў пракуратуру Клецкага раёна са скаргай на дзеянні начальніка клецкай ЖКГ Аляксандра Навіцкага. Аднак у праваахоўных органах заяве Панамарова ходу не далі, затое распачалі ў дачыненні да яго адміністрацыйную справу паводле сустрэчнай заявы Навіцкага. У выніку Клецкі раённы суд прысудзіў Панамарову штраф.

28 траўня Мінскі абласны суд пастанавіў адмяніць рашэнне Клецкага раённага суда і накіраваў справу ў суд Нясвіжскага раёна на новы разгляд.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?