Нямецкая кампанія Enertrag пабудуе ветрапарк магутнасцю да 160 мегават у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Адпаведны дагавор падпісалі 1 ліпеня старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура і член праўлення нямецкай кампаніі Enertrag Вернер Дывальд. Інвестыцыі ў праект складуць больш як 350 млн. еўра.

Кампанія Enertrag з’яўляецца сусветна вядомым вытворцам электраэнергіі з дапамогай аднаўляных крыніцаў. Па ўсім свеце працуюць больш як 400 установак гэтай кампаніі.

Як сцвярджаюць у аблвыканкаме, магутнасці будучага ветрапарку хопіць, каб поўнасцю забяспечыць энергіяй Дзяржынскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі раёны.

Плануецца, што будаўніцтва ветрапарку пачнецца ў 2010 годзе, на 2012‑ты намечана здача аб’екта.

Як зазначыў на сустрэчы з германскімі партнёрамі Батура, перад вобласцю стаіць задача атрымліваць хаця б 25% энергіі пры дапамозе мясцовых і альтэрнатыўных крыніцаў энергіі.

«Сёння мы кажам аб надзвычайнай важнасці гэтага праекта, — сказаў кіраўнік аблвыканкама. — На гэты момант наша вобласць атрымлівае 17% энергіі з дапамогай мясцовых відаў паліва і шляхам нетрадыцыйных крыніцаў». Чакаецца, што з дзеяннем ветрапарку гэты паказчык павялічыцца на 3%.

У сваю чаргу Вернер Дывальд зазначыў, што «праблемы энергетыкі і змянення клімату ўзрастаюць па ўсім свеце». «Германія ў прыватнасці і Еўропа ў цэлым апошнім часам сталі інтэнсіўна ўстанаўліваць ветракі: за 20 гадоў былі пабудаваны ўстаноўкі агульнай магутнасцю 100 тысяч мегават, і толькі зараз мы сталі задумвацца аб дзелавой канцэпцыі ветраэнергетыкі», — паведаміў прадстаўнік кіраўніцтва кампаніі.

Супрацоўнік пасольства Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар заявіў, што ад праекта выйграюць абодва бакі. «Беларусі гэты праект выгадны тым, што будучы ветраэнергетычны парк стане першым такім праектам. Гэта важны крок у дыверсіфікацыі энергазабеспячэння краіны. Для Германіі і кампаніі Enertrag гэта магчымасць увайсці ў вельмі важны і буйны рынак», — патлумачыў Дэтмар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?