Дэпутаты просяць прэзідэнта прызначыць правядзенне нечарговай сесіі палаты прадстаўнікоў на 7 верасня. Адпаведны зварот палата прадстаўнікоў прыняла 30 чэрвеня.

Паводле слоў старшыні пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Васіля Байкова, на нечарговай сесіі плануецца разгледзець пытанне аб рэспубліканскім бюджэце, аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Падатковы і Бюджэтны кодэксы і іншыя.

Байкоў падкрэсліў, што разгляд гэтых пытанняў на нечарговай сесіі, дазволіць «даць магчымасць арганізацыям і людзям падрыхтавацца да ўваходжання ў дзеянне гэтых нарматыўна‑прававых актаў».

У сваю чаргу, намеснік старшыні пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і сувязях з СНД Ігар Карпенка зазначыў: «Правядзенне нечарговай сесіі па разглядзе гэтых пытанняў будзе спрыяць таму, каб мы падрабязна і дэталёва падышлі да іх разгляду».

У гутарцы з журналістамі Байкоў не выключае, што ў парадак дня нечарговай сесіі могуць быць унесены дадатковыя пытанні. «Дэпутаты вызначылі парадак дня — гэта бюджэтныя пытанні, але канчаткова парадак дня фарміруе і зацвярджае кіраўнік дзяржавы», — патлумачыў ён.

Адказваючы на пытанне, ці можа быць унесенае на парадак дня нечарговай сесіі пытанне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў, Байкоў заўважыў, што па Выбарчым кодэксе дата прэзідэнцкіх выбараў павінна быць прызначаная не пазней за пяць месяцаў да іх правядзення.
Верасень — гэта крайні тэрмін прызначэння даты выбараў, дадаў дэпутат.

Што тычыцца магчымасці ўнясення ў парадак дня нечарговай сесіі пытання аб ратыфікацыі Мытнага кодэкса, то, як заявіў Байкоў, ён не гатовы размаўляць на гэтую тэму, паколькі гэтае пытанне не адносіцца да кампетэнцыі яго камісіі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?