У Брэсце завяршыў работу сёмы рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў.

Бюджэт сёлетняга кінафоруму быў больш сціплым, чым у папярэднія гады, таму на адкрыццё не запрашалі расійскіх знакамітасцяў, як раней. Але ў рэшце рэшт не ў тварах сутнасць, хоць яны, несумненна, упрыгожылі б традыцыйную цырымонію. Фестываль беларускі, не раз гучала падчас фэсту, — то няхай глядач прывыкае ведаць свае імёны і твары.

Яшчэ да пачатку фэсту нямала чулася з розных бакоў скептычных меркаванняў як наконт агляду, так і беларускага кіно ў цэлым. Ды хочацца паставіць своеасаблівым аўтографам не толькі да сёмага «Бусла», але ўсяго айчыннага кінапрацэсу словы беларускага кінакрытыка Людмілы Саянковай, што былі сказаныя падчас закрыцця: «Наша кіно існуе… Мы дачакаемся тых часоў, калі вырвемся на сусветную кінапрастору і заявім пра сябе». Хацелася б, вядома, каб тыя запаветныя часы насталі ну хоць бы не праз доўгія дзесяцігоддзі. Некаторыя падставы спадзявацца на гэта прадэманстраваў сёлетні фестываль. Маладзейшае пакаленне рэжысёраў, якое было ў асноўным прадстаўлена, дэманструе прафесійную работу.

Журы аднадушна адзначала якасную беларускую анімацыю.

Беларускую анімацыю, відаць, можна назваць яшчэ і нацыянальнай і глыбока патрыятычнай. Адны толькі назвы за сябе гавораць: «Аповесць мінулых гадоў», «Несцерка», «Беларускія прымаўкі», «Выцінанка‑выразанка», «Музычная скарбонка». Цэлы шэраг з паказаных на фестывалі мультыплікацыйных праектаў на рознага ўзроўню міжнародных фестывалях быў адзначаны ўзнагародамі. А Міхаіл Тумеля, аўтар «Выцінанак…» і іншых фільмаў, калі атрымліваў заслужаныя дыпломы, вельмі дасціпна згумарыў, вымавіўшы ў мікрафон: «Бальшой вам чалавечаскі дзякуй». А як яшчэ пакпіць з арганізатараў, якія так многа гаварылі пра беларускае кіно, а падчас асноўных цырымоній акрамя надпісу на дыпломах слова беларускага не вымавілі?

У анімацыйнай праграме парадаваў гледача і мультыплікацыйны фільм «Птаха» Аляксандра Ленкіна — светлая гісторыя пра любоў і спагаду да птушкі. Сярод дакументальных стужак выдзяляецца шчымлівая гісторыя жыцця жанчыны з палескай вёскі Ульяны Мельнік. Зняты па сцэнарыі пінскага журналіста Вячаслава Ільянкова рэжысёрам Юрыем Гарулёвым фільм «Фатограф Ульяна» расказвае пра незвычайныя павароты жыцця звычайнай паляшучкі. Жанчына засталася ўдавою з двума малымі дзецьмі, муж загінуў на фронце. Каб выжыць, спачатку яна прадае карову і купляе швейную машынку, а потым набывае фотаапарат і становіцца фатографам на ўсю акругу. Вяскоўка‑працаўніца з надзвычай творчай натурай жыве ў самай глыбінцы. Фільм пра яе, поўны лірызму і высокай публіцыстыкі, трымае гледача ад пачатку да канца. І гэта служыць доказам, што фільм добры.

У рамках кінафестывалю, хоць і па‑за праграмай, прадэманстраваны вядомы ўжо фільм «Брэсцкая крэпасць». Ён адначасова паказаны і на кінафестывалі ў Маскве. Першыя водгукі на стужку маскоўскіх журналістаў я назвала б стрымана‑станоўчымі.

Яшчэ адзін фільм, дзе прысутнічае тэма вайны, стаў галоўнай падзеяй брэсцкага фестывалю. «Ваўкі» Аляксандр Колбышаў паставіў па аповесці Аляксандра Чакменева.

Твор быў напісаны яшчэ ў 60‑я гады, але не толькі не ставіўся, нават не друкаваўся. Першы раз аповесць выйшла ўжо ў ХХІ стагоддзі. І вось беларускі рэжысёр узяўся зрабіць кіно. Сюжэт у многім тыповы для свайго часу. Галоўны герой Кірыл Палятаеў асуджаны пасля вайны за тое, што трапіў у палон. Яго вязуць з іншымі зняволенымі. І на адным з прыпынкаў вязень пазнае станцыю, што недалёка ад яго роднай вёскі. Ён уцякае, каб пабачыць жонку і дачку, уцякае ад кашмару зняволення. І трапляе ў новы кашмар. Бо адны яго землякі імкнуцца яму дапамагчы, іншыя хочуць выдаць, а пільны следчы НКУС учыняе цэлае паляванне. І вось уцякач, якому ўдалося вырвацца ад пагоні людзей, трапляе ў акружэнне зграі ваўкоў… Як сказаў старшыня журы фестывалю Пэтэр Сім, у фільме многа псіхалагізму. Сапраўды, тэма вайны, рэпрэсій тут выглядае не галоўнай. Галоўнае — перажыванні чалавека, яго адчуванне ў экстрэмальнай сітуацыі, а таксама паводзіны навакольных. Журы адзначала таксама ўдалую ігру акцёраў.

Фільму «Ваўкі» прысуджана Гран‑пры фестывалю — «крыштальны бусел».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?