28 чэрвеня ў хаце актывісткі непрызнанага Саюза палякаў на Беларусі Тарэсы Собаль у Івянцы прайшоў ператрус у рамках крымінальнай справы па абвінавачванні ў злоўжываннях.
Тарэса Собаль. Фота Юліі Дарашкевіч.
Крымінальная справа была прыпынена, але праз два дні пасля адстаўкі Анжалікі Борыс крымінальную справу аднавілі.
Ператрус праходзіў з санкцыі пракурора. Кіраваў ім следчы Валожынскага РАУС Аляксандр Шульга. Тарэсе Собаль паведамілі, што мэта ператрусу — знайсці камп’ютэрную тэхніку, з дапамогай якой яна нібыта падрабляла дакументы. «Польскі дом у нас забралі, зараз спрабуюць псіхалагічна зламаць. Яны будуць працаваць так, як ім скажуць.
Сказалі, што маюць санкцыю пракурора, будуць шукаць нейкую тэхніку. Вядома, што нічога такога ў мяне дома няма. Прывялі панятых сваіх і пайшлі назад. Гэта аткая псіхаатака на мяне. Запалохаць хочуць»,— расавяла «НН» спадарыня Собаль.
Адвакат спадарыні Собаль, Аляксандр Галіеў, адзначыў, што ператрус насамрэч быў санкцыянаваны пракуратурай. «Следчыя выконвалі распараджэнне пракурора. Шукалі аргтэхніку. Быў і допыт перад ператрусам. На ім нам прапанавалі закрыць крымінальную справу праз сыход тэрміну даўнасці. Мы не пагаджаемся з такой фармулёўкай і лічым, што Т.Собаль не здзяйсняла ніякіх правапарушэнняў», — адзначыў адвакат у размове з карэспандэнтам «НН».
18 снежня 2009 года ў дачыненні да Т.Собаль была заведзеная крымінальная справа. Яна абвінавачваецца ў злоўжываннях пасля атрымання ў 2004 годдзе матэрыяльнай дапамогі ад кіраўніцтва СПБ, яшчэ да таго як гэта аб’яднанне раскалолася на дзве структуры — прызнаную беларускімі ўладамі і неафіцыйную. Пасля завядзення крымінальнай справы галоўная рада афіцыйнага Саюза палякаў выключыла Собаль з аб’яднання і прызначыў перавыбары кіраўніцтва івянецкай арганізацыі СПБ.