Міжнароднае маладзёжнае аб’яднанне «Малады фронт» (Чэхія) застаецца самай вядомай недзяржаўнай маладзёжнай арганізацыяй. Гэта вынікае з вынікаў сацыялагічнага апытання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), праведзеным у сакавіку — красавіку 2010 года.

Паводле даных НІСЭПД, найбольшую вядомасць у грамадстве маюць праўладныя маладзёжныя арганізацыі: Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (63,7%), Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя (12,9%). З незалежных маладзёжных аб’яднанняў трохпрацэнтны бар’ер статыстычнай памылкі пераадолеў толькі «Малады фронт» (8,3%).

Індэкс пазнавальнасці астатніх няўрадавых маладзёжных арганізацый не выйшаў за межы статыстычнай хібнасці. Пра «Моладзь БНФ» ведаюць 1,1% апытаных, пра «Маладую грамаду» — 0,8%, «Джынс за свабоду!» — 0,6%. Астатнія арганізацыі не пераадолелі паўпрацэнтнага бар’ера пазнавальнасці.

Станоўча да дзейнасці БРСМ ставяцца 36,7% апытаных, БРПА — 19,7%, БКМА (Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый) — 8,9%. Да дзейнасці недзяржаўных маладзёжных арганізацый станоўча ставяцца 10,8% грамадзян.

Што да «Маладога фронту», то станоўча да яго дзейнасці ставяцца 6% апытаных, адмоўна — 3,7%.

«Хоць па суадносінах станоўчых адзнак за гэтыя гады лаяльныя арганізацыі, несумненна, апярэдзілі альтэрнатыўныя, — падводзіць вынік НІСЭПД, — маштабы гэтага апярэджання зусім несупастаўныя з рэсурсамі (палітычнымі, матэрыяльнымі, прававымі, кадравымі і інш.), выдаткаванымі дзяржавай на лаяльныя арганізацыі, і разнастайнымі абмежаваннямі і нават рэпрэсіямі, „выдаткаванымі“ на альтэрнатыўныя арганізацыі. Альтэрнатыўныя маладзёжныя арганізацыі больш „жыццеўстойлівыя“, чым лаяльныя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?