25 чэрвеня Клецкая раённая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне Алегу Нікуліну, выдаўцу хрысціянскай газеты «Апостальскі ветразь», якая выходзіла накладам 299 асобнікаў. У тэксце папярэджання ўказана, што ён быццам бы парушыў арт.1 пп. 5, 26, арт. 17, п. 1 і арт. 32 Закона аб СМІ. Паводле Алега Нікуліна, пракурор Алег Карабкоў папярэдзіў яго, што выданнем газеты, нават маланакладнай, могуць займацца выключна юрыдычныя асобы.

Як паведаміў Алег Нікулін, яму патэлефанаваў участковы міліцыянт і загадаў прыйсці 25 чэрвеня, а 9-й гадзіне ў пракуратуру.

На мінулым тыдні да сп. Нікуліна прыходзіў міліцыянт і браў з яго тлумачэнні адносна выдаванай ім хрысціянскай газеты «Апостальскі ветразь». Таксама міліцыянты апыталі пробашча клецкай парафіі кс. Эрвіна Вячорака, ці не мае ён дачынення да выдання.

«У сваёй газеце я асвятляў пытанні рэлігійнага жыцця. Пра палітыку не пісаў. Выходныя звесткі былі пазначаныя, наклад у межах дазволенага заканадаўствам — 299 асобнікаў», — паведаміў Алег Нікулін.

Пракурор Клецкага раёна Алег Карабкоў патлумачыў, што ў пракуратуру паступіла заява ад выканаўцы абавязкаў старшыні райвыканкама Мікалая Мацуля, у якой той просіць праверыць, ці не з’яўляецца выданне дадзенай газэты парушэннем закона.

У той жа час сп. Карабкоў пацвердзіў, што выходныя звесткі ў газеце маюцца, а памер накладу не перавышае дазволены заканадаўствам. Тым не менш, пракуратура ўсё роўна вырашыла апытаць рэдактара.

«Ні з таго ні з сяго пачалося выданне і распаўсюд газеты. Мы хочам праверыць, хто дазволіў гэта рабіць, і што ўяўляе сабой рэдакцыя, якая, паводле выходных звестак, знаходзіцца ў доме, дзе пражывае Алег Нікулін», — кажа пракурор.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец патлумачыў, што ў адпаведнасці з Законам аб СМІ, дадзенае патрабаванне не распаўсюджваецца на выданні, наклад якіх не перавышае 299 асобнікаў. «Гэта вынікае з аналізу Закона, які мы правялі пасля таго, як пракуратуры ў некалькіх гарадах выносілі аналагічныя папярэджанні» — кажа юрыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?