45‑гадовы Алег Мікульчык прызначаны галоўным трэнерам маладзёжнай зборнай Беларусі па хакеі (узрос гульцоў да 20 гадоў). Рашэнне прыняў 24 чэрвеня старшыня Федэрацыі хакея Яўген Ворсін,

паведаміла прэс‑служба ФХРБ. Асістэнтам Мікульчыка будзе Ігар Крывашлык.

«Такі варыянт размеркавання абавязкаў, пры якім былы абаронца нацыянальнай зборнай Беларусі Мікульчык заняў бы пазіцыю галоўнага трэнера, а настаўнік «Юнацтва» Крывашлык — асістэнта, разглядаўся яшчэ на нарадзе членаў выканкама і кіраўнікоў клубаў 17 чэрвеня», — зазначаецца ў паведамленні.

Прычына: як галоўны трэнер каманды Маладзёжнай хакейнай лігі «Юніёр» Крывашлык не зможа поўнасцю сканцэнтравацца на працы са зборнай. Разам з тым яго «вялікі вопыт» і пастаянная праца з кандыдатамі ў зборную са складу «Юнацтва» будуць «вельмі запатрабаваныя». Алег Мікульчык, які з’яўляецца другім трэнерам «Мінскіх зуброў» (другі беларускі прадстаўнік у МХЛ), «лепш зможа сумяшчаць пасады ў клубнай і зборнай камандах».

Трэнеры ужо пачалі сумесную працу. Маладзёжная зборная збярэцца ў Мінску, з 12 па 18 ліпеня будзе трэніравацца на базе мінскага Палаца спорту, а затым адправіцца ў швейцарскую Арозу, дзе правядзе тры таварыскія паядынкі з равеснікамі са Швейцарыі і Германіі.

На леташнім чэмпіянаце свету ў групе В першага дывізіён маладзёжная зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Васіля Спірыдонава заняла другое месца і не атрымала пуцёўку ў топ‑дывізіён.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?