Палітык Павел Севярынец распавёў, калі прыйшоў да Бога, чаму сышоў з БНФ і як у Беларусі штогод забіваюць дзесяткі тысяч немаўлятаў.

 photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

«Я закрыў Біблію, адкрыў зноўку — і аказалася, на тым самым месцы»

— Калі я прыкідваў, з чаго пачаць размову з вамі, падумаў, што пачну з таго пытання, якое мне здаецца самым галоўным для раскрыцця вашай асобы. Гэта пытанне веры, якая, відавочна, займае вялікае месца ў вашым цяперашнім жыцці. Калі вы прыйшлі да веры, што стала штуршком?

— У 1998 годзе за акцыю 2 красавіка супраць аб’яднання Беларусі і Расеі я трапіў у ізалятар на Валадарцы. Пасля таго, як узнялася хваля міжнароднай падтрымкі, улады вырашылі адпусціць мяне на волю на тры дні, бо была нагода — няшчасце ў маёй сям’і.

Я так разумею, што мяне адпусцілі для таго, каб я проста ўцёк з краіны. Аднак я прыняў рашэнне, што застаюся ў Беларусі.

І вось я вяртаюся ў турму, і Аляксей Фралоў даў мне з сабой «Новы запавет». Калі я зноў апынуўся ў камеры, мне раптам стала здавацца, што я зрабіў нешта незваротнае, страціў свабоду. На нейкі момант мяне ахапіла паніка, я палез у сумку, і першае, на што наткнуўся, гэта была Кніга.

Я раскрыў «Новы запавет» на ўдачу і трапіў вачыма на радок: «Няхай не сумняваецца сэрца ваша, веруйце ў Бога, і веруйце ў мяне», — кажа Ісус. Гэта Евангелле паводле Яна, 14‑ы раздзел, першы верш.

Потым я закрыў Біблію, адкрыў зноўку — і аказалася, што на тым самым месцы.

Гэта было для мяне вельмі моцным штуршком. Наступны месяц на Валадарцы я чытаў Біблію і маліўся.

— Што гэта азначае — быць шчырым вернікам у нашым сённяшнім грамадстве? Паводле статыстыкі, вернікаў у Беларусі больш паловы. Але спытай такога «верніка», як часта ён ходзіць у царкву — адкажа: раз у тры гады. Ці лёгка быць сапраўдным, шчырым вернікам сярод большасці на самой справе свецкіх, не вельмі рэлігійных людзей?

— Быць вернікам — гэта проста. Проста трэба верыць у Бога, трэба давяраць Богу, і ўсё верніку садзейнічае на дабро. Трымаючыся гэтага прынцыпу, можна не хвалявацца за тое, што будзе, можна не баяцца, што нешта кепскае здарыцца, і пазбегнуць тых праблем і хваляванняў, што ўласцівыя звычайнаму чалавеку.

Але адначасова гэтая «простасць» нясе з сабой і пэўны цяжар, гэта нялёгкая «простасць». Бо ўсе мы людзі грэшныя, і нават калі мы хрысціяне, мы не пазбаўляемся цяжару граху. І вось гэты цяжар штодзённага пераадольвання граху з дапамогай Божай — самы вялікі.

«Выступаць за тое, каб грэх быў прызнаны нормай, мы, хрысціянскія дэмакраты, не можам»

— Калі пераходзіць да сувязі паміж верай і палітыкай, да дзейнасці Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, адным з сустаршынёй якой вы з’яўляецеся, то адна з галоўных прэтэнзій да БХД гучыць прыблізна так — чаму вы вырашылі, што менавіта вы павінны вызначаць, што ў палітыцы маральна, а што — не? Маўляў, палітыка — такая ж прафесійная дзейнасць, як і іншая, і нельга змешваць яе з рэлігіяй.

— Такі стэрэатып у грамадстве ёсць. Але БХД — гэта не царква і не рэлігійная арганізацыя. Мы не можам на сябе браць функцыі царквы і касцёлу і займацца пропаведдзю альбо браць на сябе тлумачэнне, што духоўна, а што не. Задача Хрысціянскай дэмакратыі — пераўтвараць хрысціянскія каштоўнасці ў прынцыпы штодзённага палітычнага й эканамічнага жыцця, канкрэтныя палітычныя і эканамічныя законапраекты.

— Але ў хрысціянстве існуе шмат канфесій, шмат тлумачэнняў Бібліі нават у рамках адной пратэстанцкай плыні. Хто можа рашаць, што правільна? Прывяду адзін з апошніх прыкладаў. Адзін з кіраўнікоў БХД Аляксей Шэін выказаўся наконт скандальнага інтэрв’ю Яраслава Раманчука, у якім той адказваў у тым ліку і на пытанні пра сексуальныя тэмы. Шэін у гэтай сувязі заявіў, што «з такімі заявамі Яраслава Раманчука будзе складана, нават немагчыма дамовіцца аб супольнай працы не толькі з БХД, але і з многімі прадстаўнікамі правацэнтрысцкай апазіцыі». Але Раманчук таксама шчыры вернік, у інтэрв’ю для маёй рубрыкі ён нядаўна сказаў, што ходзіць у касцёл. Чаму вы рашаеце, што добра, а што кепска?

— Тут для нас крытэрам ісціны з’яўляецца рашенне царквы. Калі ўсе канфесіі і цэрквы ў Беларусі асуджаюць легалізацыю прастытуцыі, за што выступіў Яраслаў Раманчук у сваім інтэрв’ю (словы Шэіна тычыліся ў асноўным гэтага),

то, безумоўна, мы з насцярогай паставімся да такога кандыдата.

Мы разумеем, які свет вакол нас, і будзем гутарыць і з Раманчуком, і з Калякіным, але выступаць за тое, каб грэх быў прызнаны нормай, мы, хрысціянскія дэмакраты, не можам. Таму хрысціянскія дэмакраты ва ўсім свеце выступаюць супраць легалізацыі прастытуцыі, супраць усынаўлення дзяцей гомасексуальнымі парамі і гэтак далей.

— Гэта значыць, тут вы будзеце ісці за царквой? Але царква мянялася цягам стагоддзяў. Калі раней інквізіцыя спальвала людзей, то цяпер гэта прызнана памылкай і за гэта царква выбачалася. Царква падтрымлівала і рабства, і феадальны лад, але падыходы мяняліся, станавіліся больш прагрэсіўнымі. І калі царква зменіць сваё стаўленне да той самай гомасексуальнасці, то што вы будзеце рабіць? Услед за ёй будзеце мяняць сваю пазіцыю?

— Я веру, што такога не адбудзецца. Ёсць нязменныя рэчы. Напрыклад, стаўленне да абортаў як да забойства.

Гэта не азначае, што мы за тое, каб проста забараніць аборты.

У БХД ёсць заканадаўчыя прапановы, каб напачатку зменшыць колькасць абортаў і паставіць гэтую праблему ў грамадстве. Каб грамадства ўсвядоміла, што гэта забойства, а не хірургічная аперацыя, як выдаленне зуба. У Беларусі штогод забіваюць дзесяткі тысяч немаўлятаў!

Увогуле, ва ўсіх справах, якія тычацца веры альбо веравызнання, мы прымяняем формулу святога Аўгусціна: «У галоўным — адзінства, у спрэчным — свабода, але ва ўсім — любоў».

— Тым не менш дзейнасць БХД апошнім часам сярод вашых калегаў па дэмакратычным лагеры выклікае ўсё большае раздражненне. Вы чулі, што вас за спінай называюць талібамі?

— Чулі. Але тут не трэба прыгадваць Афганістан, а лепш прыгадаць гісторыю Беларусі. Беларусь — гэта заўсёды было спалучэнне хрысціянскай веры і моцнага дэмакратызму. І сапраўды, рост БХД — гэта факт. Магчыма, ён нават большы, чым разлічвалі нашы паплечнікі. Магчыма, хтосьці думаў, што БХД зойме нішу і будзе спакойна ў ёй пасопваць. Але мы хочам стварыць вядучую палітычную сілу, што грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях.

Калі ў палітыкуме бачаць сілу, якая набірае вагу, то раздражненне — самае меншае, чаго можна чакаць. Таму мы да гэтага ставімся спакойна. Але мы хочам застацца сілай, якая зыходзіць не з пазіцый гвалту, а з хрысціянскіх пазіцый прапановы альтэрнатывы. І мы лічым, што яскравая прапанова з нашага боку ўрэшце будзе прымацца і перастане выклікаць супраціў.

«Мне шкада тых людзей, якія не спазналі Бога»

— А як вы асабіста ставіцеся да людзей, абыякавых да рэлігіі? Вось вы знаёмыя з нейкім чалавекам, пачынаеце больш з ім кантактаваць і высвятляеце, што ён зусім не падзяляе вашых рэлігійных перакананняў. Ваша стаўленне да яго мяняецца?

— Мяняецца. Мне шкада тых людзей, якія не спазналі Бога. Таму маё першае памкненне — такім людзям дапамагчы. І я стараюся ім распавесці пра Бога тое, што я ведаю.

Як палітык, я імкнуся гэта рабіць асцярожна. Разам з тым, мне заўсёды хочацца пераканаць людзей у праўдзівасці Евангелля і прынцыпах хрысціянскай дэмакратыі.

— Давайце ўзгадаем некаторыя факты вашай біяграфіі. У 1997 годзе вы былі абраны старшынёй Маладога Фронту, а ў 1999 годзе, у 23 гады, вы ўжо былі намеснікам старшыні Партыі БНФ. Вельмі яркая і паспяховая палітычная кар’ера. Але вы даўно ўжо не ў Фронце. Чаму так?

— Гэта звязана з маім жыццёвым шляхам, маёй верай, калі я зразумеў, што шлях адраджэння Фронту — гэта шлях хрысціянска‑дэмакратычны. Мы з паплечнікамі паспрабавалі ператварыць БНФ у партыю хрысціянска‑дэмакратычнага кірунку. Гэта было хутка заўважана, і ўжо ў 2001 годзе тагачаснае кіраўніцтва БНФ пачало змагацца з хрысціянскай плынню. У выніку мне прыйшлося сысці разам з паплечнікамі з Маладога Фронту — і ствараць БХД.

— Як вы ставіцеся да таго, што зараз адбываецца з БНФ — гэтыя звадкі, працэсы дзялення і выгнання?

— У гэтым ёсць пэўная гістарычная заканамернасць. Усе рухі, якія прывялі да падзення камунізму ва Ўсходняй Еўропе, распаліся. Тое, што зараз там адбываецца, было запраграмавана яшчэ ў 1999 годзе, калі адбыўся першы падзел фронту на 2 часткі, потым пайшлі спробы выключэнняў, партыйных чыстак і гэтак далей. Мне здаецца, што шлях да адраджэння БНФ — гэта абнаўленне, рэфармаванне Фронту, магчыма, змена назвы.

— Як вы з пункту гледжання веры цяпер глядзіце на тое, што вы адбылі абмежаванне волі, гэтак званую «хімію»? Гэта было пакаранне за нешта альбо выпрабаванне, падрыхтоўка?

— Гэта хутчэй было выпрабаванне і падрыхтоўка. Кожны вернік мае сваю пустыню, калі ён апынаецца ўдалечыні ад усіх, сам‑насам з Богам, пераацэньвае свае ўчынкі і рыхтуецца да чагосьці.

Для мяне год і 9 месяцаў у Малым Сітна — гэта была падрыхтоўка да адраджэння БХД. Там я думаў, маліўся і атрымліваў той зарад, з дапамогай якога раблю гэтую працу. Да таго ж, калі кожны дзень у занядбанай вёсачцы бачыш жыццё, якім жывуць мільёны тваіх суайчыннікаў, — гэта вельмі вялікая навука для любога палітыка.

«Не хачу быць прэзідэнтам»

— У вас у БХД 4 сустаршыні. І калі ў пачатку адраджэння партыі гэты працэс найперш звязваўся з вашай асобай, то апошнім часам вы неяк адышлі ў цень на фоне Віталя Рымашэўскага, які вылучаецца кандыдатам у прэзідэнты ад БХД. Вы наўмысна прыглушаеце сваю ролю дзеля партыі, «дзеля агульнай справы»?

— Я свядома канвертую свой асабісты патэнцыял у партыйны. І гэта варта рабіць, бо партыя заўсёды зробіць больш, чым адзін чалавек. І калі ў нас ёсць кандыдат у прэзідэнты, ён мусіць быць лідэрам. Таму трэба «саступіць лыжню», каб ён мог весці партыю наперад.

А сустаршынства — гэта пытанне палітычнай культуры. І мы паказваем прыклад, калі 4 чалавекі доўгі час могуць быць на роўных і знаходзіць паразуменне паміж сабой, паспяхова вырашаючы палітычныя пытанні.

— А самі вы хочаце быць прэзідэнтам?

— Не. Гэта надта цяжкі крыж.

Я ўсё‑такі лічу, што Гасподзь даў мне іншае пакліканне, і яно звязана з літаратурай. Пішу раман пра Беларусь.

Палітыкай я займаюся, сыходзячы з адказу на пытанне «хто, калі не я». Калі бачу, што магу нешта зрабіць, а вакол гэта не робіцца, то адчуваю сябе адказным.

— І калі прыйдзе той момант, калі вы палічыце, што ваша роля ў палітыцы выкананая і можна заняцца любімай справай?

— Калі ў Беларусі пераможа хрысціянская дэмакратыя. Калі яна стане вядучай палітычнай сілай ва ўсёй краіне. І тады мы здолеем пераўтвараць Беларусь у адпаведнасці са сваімі прынцыпамі.

— Калі мы гаворым пра будучую перамогу дэмакратыі, то наколькі яна рэальная ўжо на гэтых выбарах?

— Веру, што такая магчымасць ёсць. Яна не вельмі вялікая, але ёсць. Рана ці позна любая дыктатура заканчваецца, ужо зараз мы бачым фазу позняга застою рэжыму. І ўсё гэта скончыцца нейкай перабудовай. Гэта магчыма ўжо падчас гэтай кампаніі.

— За сваю палітычную кар’еру вы больш за 40 разоў затрымліваліся міліцыяй і КДБ, агулам правялі пад арыштам больш за 7 месяцаў — і гэта калі не лічыць год і 9 месяцаў «хіміі». Але слухаючы вашы разважанні пра рэлігію, магчыма, некаторыя зададуцца пытаннем — а ці гэта той самы смелы і адважны Севярынец, якім ён быў у 90‑х? Ці прыйдзеце вы на плошчу падчас выбараў?

— На плошчу я прыйду, гэта адназначна. Веру, што Бог дае смеласць і адвагу нават тым людзям, якія баяцца. І я веру, што беларусы пераадолеюць свой страх.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?