Звышнапружаным атрымаўся матч групы F паміж Славакіяй і Італіяй. Увогуле, у гэтай групе перад апошнім турам стварылася заблытаная сітуацыя, калі любая з зборных у выпадку перамогі магла працягнуць барацьбу ў плэй‑оф. Для гэтага трэба было проста атрымаць перамогу.

Першы тайм сустрэчы Італія — Славакія выдаўся не самым яркім. Адзіным галявым ударам адзначыўся Вітэк. Італьянцы ж увогуле наперадзе не стварылі нічога путнага. Мяч у браму Яна Мухі мог трапіць толькі аднойчы, ды і тое пасля абрэзкі свайго ж абаронцы.

Пачатак другога тайму таксама не вылучаўся асаблівай актыўнасцю. Толькі аднойчы Шкрэтл вынес мяч з пустых варот пасля ўдару італьянскага гульца.

Затое які футбол пачаўся пасля другога славацкага мяча! Італьянцам ужо не было чаго губляць, таму яны дружна рынуліся ў атаку. Пры гэтым агалілі ўласныя тылы.

На 81‑ай хвілін Дзі Натале добра згуляў на адскоку, і размачыў славацкага брамніка. Апенінцы забілі яшчэ раз, але суддзя адмяніў гол праз афсайд.

Здавалася яшчэ крышачку і дзейсныя чэмпіёны свету такі змогуць адыграцца. Але Капунек, які за імгненне да гэтага з’явіўся на полі цудоўна выкарыстаў перадачу з аўту.

Але і тут італьянцы не склалі рук. Ужо ў дадатковы час у Квальярэлы атрымаўся цудоўны ўдар — 3:2. На гэтым дасягненні каманды Марчэла Ліпі абмежаваліся.

Чэмпіёны свету едуць дадому, а вось славацкая зборная згуляе ў 1/8 фіналу.

У другім матчы групы Парагвай і Новая Зеландыя разыгралі нулявую нічыю. Становішча ў групе выглядае наступным чынам: Парагвай — 5 пунктаў, Славакія — 4, Новая Зеландыя — 3, Італія — 2.

А 21:30 пройдуць матчы Галандыя — Камерун, Данія — Японія. У другім матчы вырашыцца лёс яшчэ аднаго месца ў плэй‑оф. Галандцы ж ужо забраніравалі яго сабе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?