У мінскай галерэі сучаснага мастацтва «Ў» (Незалежнасці, 37А) адчынілася выстава-ўспамін «Жалеза скончылася». Тут сабраныя невядомыя працы адметнага скульптара, адмыслоўца па металапластыцы, Андрэя Капустнікава.

З парэштак трактара «Беларус» фігуры жывел, іржавыя кветкі з гаек і дыскаў - Андрэй Капуснікаў ствараў свой паралельны свет з пабочных прадуктаў грамадства спажывання. Матэрыялы для сваіх працаў ён не купляў у крамах, а шукаў на гарышчах і загарадных пакідзішчах. Але ў экспазіцыю цяперашняй выставы ўвайшлі аб’екты з дрэва, серыі аўтарскіх фотаздымкаў і відэа-матэрыялы. Эпоха жалеза скончылася?

Арт-дырэктарка галерэі сучаснага мастацтва «Ў» Ганна Чыстасердава лічыць, што жалеза, як метафара творчых сілаў мастака, у Капуснікава заўжды было багата.

«Проста на выставе мы хочам паказаць усебаковасць таленту Андрэя Капуснікава, яго накіды і працы з абсалютна іншага ўжо цёплага і прыязнага матэрыялу —дрэва, — кажа Ганна Чыстасердава. — Рэч у тым, што падчас сваіх гістарычных вандровак па Беларусі ён збіраў верацёны, старыя колы, каб даць ім новае жыццё ў сваіх творах».

Выстава «Жалеза скончылася» адкрывае невядомага Капуснікава многім, хто меркаваў, што добра ведае «жалезнага майстра».

Акрамя драўляных скульптураў у экспазіцыі прадстаўлены стужкі з персанальнага архіва, сярод якіх аповед пра супрацу Капуснікава з рыцарскімі клубамі Беларусі. Выстава «Жалеза закончылася» працягнецца да 5 ліпеня.

Андрэй Капуснікаў (1963-2010). Нарадзіўся ў г.Чаркеск (Расія). У 1970 пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння медычнай вучэльні 12 год працаваў зубным тэхнікам. Металапластыкай пачаў займацца з пачатку 1990-х. У 2006 годзе адбылася «Б/У. Флора і фауна», першая персанальная выстава мастака, а ў 2009 годзе вялікая выстава ў галерэі «Падземка» — «Персанальная іржа». працы Капуснікава знаходзяцца ў Беларусі (у прыватнасці, у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея РБ), а таксама ў прыватных зборах у Літве, Нямеччыне, Англіі, Даніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?