У Беларусі адзначаецца сезонны ўздым захворвання на вострыя кішэчныя інфекцыі: ротавірусныя гастраэнтэрыты і сальманелёзныя інфекцыі.

Як паведаміла доктар‑эпідэміёлаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вікторыя Зуева, у маі ў краіне былі адзначаны 403 выпадкі сальманелёзных інфекцый і 449 выпадкаў ротавірусных гастраэнтэрытаў. Паводле яе слоў, у цёплы час года ўзбуджальнікі кішэчных інфекцый лягчэй захоўваюцца і размнажаюцца на харчовых прадуктах, прадметах дамашняга ўжытку, у вадзе адкрытых вадаёмаў. Рызыка заражэння асабліва вялікая для тых, хто падарожнічае цягніком, дзе неабходна дбайна выконваць правілы асабістай гігіены.

Першыя сімптомы вострых кішэчных інфекцый: павышэнне тэмпературы цела, млоснасць, ірвота, часты вадкі стул. Пры іх з’яўленні спецыяліст рэкамендуе звяртацца па медыцынскую дапамогу. Паводле слоў Зуевай, самалячэнне можа прывесці да развіцця ўскладненняў, распаўсюджвання інфекцыі. Хворае дзіця неабходна ізаляваць ад іншых дзяцей. Пры неабходнасці тых, хто заразіўся на вострую кішэчную інфекцыю, шпіталізуюць у стацыянар.

У цэлым эпідэмічнае становішча ў Беларусі па вострых кішэчных інфекцыях характарызуецца як стабільная. За апошнія пяць гадоў рэгістраваліся адзінкавыя выпадкі брушнога тыфу, захворванне на бактэрыяльную дызентэрыю знізілася ў 10 разоў, вірусны гепатыт А — у 8 разоў. Разам з тым, штогод вострымі кішэчнымі інфекцыямі заражаюцца ад 10 да 16 тысяч беларусаў, з іх больш за 70% — дзеці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?