5‑працэнтнае абмежаванне паставак газу не крытычнае для беларускай прамысловасці. Такое меркаванне выказала БелаПАН эканамічны аглядальнік, эксперт у галіне энергетыкі Таццяна Манёнак, каментуючы рашэнне «Газпрома».

«Для буйных прамысловых прадпрыемстваў абмежаванняў у пастаўках энергарэсурсаў не прадбачыцца», — адзначыла яна. Манёнак звярнула ўвагу на тое, што Беларусь цяпер у максімальных аб’ёмах імпартуе электраэнергію з‑за мяжы.

Эксперт мяркуе, што сітуацыя з абмежаваннямі паставак газу ў Беларусь працягнецца нядоўга: Расія дае Беларусі час узважыць усе «за» і «супраць» і прыняць рашэнне. «Да таго ж тут завязаныя інтарэсы не толькі Беларусі, але і еўрапейскіх спажыўцоў, якія выказваюць заклапочанасць у сувязі з пастаўкамі газу», — дадала Манёнак.

Паводле яе ацэнкі, амаль 200 млн. долараў запазычанасці за газ таксама не крытычная для Беларусі сума. Разам з тым, паводле слоў эксперта,

гэта пытанне трэба разглядаць у звязцы з іншымі праблемамі, што склаліся ў беларуска‑расійскіх адносінах.

Манёнак, у прыватнасці, нагадала, што Беларусь не мае намеру ўваходзіць у Мытны саюз на выстаўленых Расіяй умовах . « І шмат пытанняў выклікае агучанае «Газпромам» абмежаванне паставак на 85% прапарцыянальна доўгу. Мабыць, для Расіі гэта зручны рычаг уздзеяння, які прымяняецца, каб Беларусь прыняла неабходныя ёй рашэнні па іншых пытаннях — у прыватнасці, падпісанне Мытнага кодэкса Мытнага саюза», — каментуе эксперт.

Манёнак не стала разважаць, наколькі абгрунтаванымі з’яўляюцца прэтэнзіі Беларусі ў адказ у сувязі з доўгам за транзіт газу (у Мінэнерга Беларусі называюць суму 200 млн. долараў). «Складана гаварыць, не бачачы кантракта і прапісаных у ім умоў паставак і транзіту», — адзначыла эксперт.

Пры гэтым яна не разумее, чаму «беларускі бок, калі такі доўг сапраўды ёсць, маўчаў раней». Эканоміка, паводле слоў Манёнак, «не ў такім добрым стане, каб замоўчваць інфармацыю пра такі доўг».

У любым выпадку, лічыць эксперт, ужо сёння неабходна абмяркоўваць пытанне пастаўкі газу ў 2011 годзе. «Трэба садзіцца за стол перамоў для пошуку кампрамісных падыходаў», — перакананая Таццяна Манёнак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?