13 рабочых такарнага ўчастку № 3 Бараньскага завода «Лёс» спынілі працу з‑за таго, што адміністрацыя прадпрыемства не выконвае абяцаньня падвысіць заробкі.

Паводле старшыні мясцовай суполкі Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Васіля Леўчанкава, пратэст рабочых выклікала тое, што не апраўдаліся іх спадзяваньні на вышэйшыя расцэнкі свае працы. Кіраўніцтва «Лёсу» паабяцала, што з траўня да жніўня працаўнікі будуць атрымліваць болей, бо паступіла замова на вялікую партыю закатачных машынак, якія вырабляе такарны ўчастак № 3. І ў траўні заробкі насамрэч былі большыя. Але днямі рабочыя даведаліся, што за чэрвень падвышэньня заробкаў ня будзе.

Васіль Леўчанкаў тлумачыць, што два дні такарны ўчастак № 3 практычна не працаваў: людзі выходзілі на працу, але не рабілі. Адміністрацыя прыгразіла, што ў такім выпадку перадасьць замову іншаму выканаўцу — ААА «Орша». Таму рабочыя , хутчэй за ўсё, працу ўсё ж распачнуць, кажа старшыня незалежнай прафсаюзнай суполкі.

«Лёсаўская» суполка Свабоднага прафсаюзу мэталістаў штодня праводзіць перамовы з адміністрацыяй прадпрыемства, патрабуючы тлумачэньняў, на якіх падставах быў адменены загад пра падвышэньне расцэнак. Урэшце кіраўніцтва «Лёсу» паабяцала даць рабочым пісьмовы адказ, чаму яны два тыдні працавалі, ня ведаючы, што іхная праца каштуе ніжэй, чымсьці ім раней абяцалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?