Зняты тэлеканалам «Белсат» дакументальны фільм «Пад прыцэлам улады» пра вядомага беларускага прадпрымальніка Валерыя Леванеўскага стаў лаўрэатам XV Агульнапольскага прагляду дакументальных формаў BAZAR у Познані.

Фільм, зняты Мікалаем Ваўранюком і Томашам Янулісам з беластоцкай рэдакцыі тэлеканалу «Белсат», атрымаў узнагароду ў катэгорыі фільм-рэпартаж «за паказванне, наколькі важным, хоць і небяспечным ёсць вядзенне прыватнага бізнесу ў Беларусі».

«Толькі не пра палітыку, бо гэта небяспечна» — такія словы можна часта пачуць у Беларусі. Парадаксальна, што за апошнія 15 гадоў у турмы трапілі значна больш бізнесоўцаў, чымся палітычных актывістаў.

Пра гэта дакладна ведае Валерый Леванеўскі з Горадні, які некалькі гадоў правёў у турме. Яго пасадзілі не за палітычную агітацыю ці барацьбу супраць улады, а за абарону месца працы дробных прадпрымальнікаў.

Як уладальнік шапіку на гарадзенскім рынку ён добра ведае цяжкасці, з якімі сутыкаюцца прадпрымальнікі. Валерый Леванеўскі балюча адчуваў кожнае закручванне гаек, кожны новы падатак, чарговыя фармальныя патрабаванні.

Пратэстуючы супраць дзеянняў уладаў, якія ўскладнялі гандаль, ён зрабіўся вядомым у Беларусі лідэрам прадпрымальнікаў. На ягоны заклік тысячы гандляроў зачынялі свае шапікі, а рынкі беларускіх гарадоў зрабіліся цэнтрам акцыяў пратэсту. Гэта прывяло яго проста за краты.

«У журы фестывалю працавалі не толькі асобы, звязаныя з тэлебачаннем ці кіно, але і людзі бізнесу, — гаворыць аўтар фільму Мікалай Ваўранюк. — Я мяркую, што ў прызнанні ўзнагароды майму фільму сыграла ролю салідарнасць польскіх бізнесоўцаў з беларускімі прадпрымальнікамі».

Узнагарода для фільму «Пад прыцэлам улады» — ужо другая на фестывалі BAZAR для тэлеканалу «Белсат». Летась у Познані адзначылі эканамічную праграму «Сальда».

Belsat.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?