На бліжэйшым сойме Партыі БНФ, што пройдзе ў суботу, будзе ставіцца пытанне аб выключэнні з шэрагаў арганізацыі трох лідэраў «Моладзі БНФ» — Франака Вячоркі, Андруся Крэчкі і Антона Койпіша.

Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выказаўся па сітуацыі наступным чынам: «Насамрэч у Партыі ёсць шэраг асобаў, якія працуюць выключна на шкоду арганізацыі — інфармацыйную і матэрыяльную. Так працягвацца не можа. Таму на сойме будзе ставіцца пытанне аб іх выключэнні».

Тым не менш, Аляксей Янукевіч не назваў канкрэтныя прозвішчы партыйцаў.

«Сённяшняе кіраўніцтва партыі вядзе вайну з моладдзю, найбольш актыўнай часткай арганізацыі. Калі пытанне насамрэч будзе пастаўленае, то гэта будзе спробай раскалоць «Моладзь БНФ» як арганізацыю.

На маю думку, сённяшняе кіраўніцтва пайшло на прымірэнне з рэжымам, прыносячы ў ахвяру прэзідэнцкія выбары 2011 года. А моладзь хоча змагацца. У нас ідэйныя разыходжанні», — адказвае Франак Вячорка.

«Я шчыра падтрымліваю з’яўленне фронтаўскага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах, але гэта, хутчэй за ўсё, тэхнічны прэтэндэнт, які праз пару тыдняў здымецца на карысць Мілінкевіча», — зазначае Ф. Вячорка.

Апошні гучны выпадак з выключэннем сяброў з Партыі БНФ быў у чэрвені 2008 года, калі былое кіраўніцтва Фронту выключыла з шэрагаў арганізацыі намесніка старшыні Алеся Міхалевіча.

У дадзеным выпадку Вячорка і ягоныя сябры публічна абвіначвалі кіраўніцтва партыі ў супрацы са спецслужбамі, не прыводзячы для таго, аднак, пацвярджэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?