Эксперт у галіне міжнародных спраў каментуе працяг санкцый ЗША ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў.

Крок Абамы стаў пэўнай нечаканасцю для афіцыйнага Мінска, мяркуе эксперт у галіне міжнародных спраў Раман Якаўлеўскі. У аўторак з’явілася паведамленне пра чарговае паседжанне Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі Лукашэнкі, што мусіла стаць пазітыўным сігналам Захаду. І, адпаведна, чакалася зваротная рэакцыя. Яшчэ даўней ЗША ў чарговы раз замарозілі санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. І тут такі паварот. Аднак у любым выпадку нічога добрага з боку адміністрацыі прэзідэнта Абамы ўладам Беларусі чакаць не варта, лічыць Р. Якаўлеўскі.

Асабліва ўлічваючы факт беспрэцэдэнтнага супрацоўніцтва Вашынгтона і Масквы на постсавецкай прасторы, што вылілася ў гвалтоўную змену ўлады ў Кыргызстане.

Эксперт мяркуе, што і без таго далёка няпростыя беларуска-амерыканскія адносіны ў бліжэйшы час лепшымі не стануць. «Прынамсі, новага пасла і пашырэння штату пасольства ЗША ў Мінску пакуль чакаць не варта».

Раман Якаўлеўскі выказаў колькі здагадак наконт прычын падаўжэння санкцый. Найперш, лічыць ён, ЗША былі і застаюцца прынцыповымі абаронцамі правоў чалавека і свабоды слова. Што да адміністрацыі Абамы, якая працягнула справу папярэднікаў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, то «Абама больш маўчыць, але сваю справу робіць».

Эксперт указвае і на канкрэтныя выпадкі, якія маглі падштурхнуць ЗША да рашучых дзеянняў.

«У мінулым месяцы прайшла інфармацыя пра магчымы візіт Уладзіміра Макея ў ЗША, якая потым не пацвердзілася. Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што гэта была «качка», запушчаная з Беларусі, — кажа Якаўлеўскі. — Але Макея там чакалі, а ён не прыехаў».
Чаму не прыехаў? Бо не было чаго сказаць, мяркуе эксперт. Дыялог з Еўропай скончыўся ні чым, правы чалавека па-ранейшаму парушаюцца, праблемы з незалежнай прэсай застаюцца.
Яшчэ адным раздражняльнікам для Вашынгтона мог стаць раптоўны і таямнічы візіт кіраўніка беларускага МЗС Сяргея Мартынава ў Сірыю,
з якой у нас, кажучы афіцыйнай мовай, «асаблівыя адносіны». Гэта не магло не насцярожыць ЗША, бо Сірыя фігуруе ў спісе краін, што падтрымліваюць міжнародных тэрарыстаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?