31 мая супрацоўнікі ўпраўлення па раскрыцці цяжкіх эканамічных злачынстваў ГУУС Мінгарвыканкама і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РУУС сталіцы пры сілавой падтрымцы байцоў палка міліцыі спецпрызначэння затрыманы на вуліцы Берсана 28‑гадовага раней судзімага мінчаніна.

Як паведамілі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС, пры надглядзе ў затрыманага было знойдзена 11 падробленых купюр наміналам 50.000 рублёў і 30 — наміналам 20.000 рублёў. Падчас вобыску ў яго дома былі знойдзены дзве фальшывыя купюры наміналам 10.000 рублёў, дзве 20‑доларавыя падробленыя купюры, больш за 300 кампакт‑дыскаў парнаграфічнага зместу. Канфіскаваны сістэмны блок камп’ютэра, два прынтэры, сканер.

Затрыманне праходзіла непасрэдна ў момант збыту падробак.

У аператыўнікаў ёсць усе падставы меркаваць, што гэта была не першая партыя фальшывак. У прыватнасці ўстаноўлена, што двума тыднямі раней ён вырабіў на сваёй аргтэхніцы і збыў 14 купюр наміналам 50.000 рублёў, 32 — наміналам 20.000 рублёў і дзве купюры наміналам 10.000 рублёў.

У міліцыі лічаць, што мінчанін спрабаваў пашырыць сваю незаконную паліграфічную дзейнасць, пра што гавораць канфіскаваныя падробленыя долары. Акрамя таго, ёсць падставы меркаваць, што ён вырабляў падробленыя дакументы і займаўся распаўсюджваннем дыскаў з парнавідэа.

Зарабляў на жыццё затрыманы менавіта аказаннем паліграфічных паслуг: дома на ўласнай аргтэхніцы друкаваў візітныя карткі. У поле зроку міліцыі паводле падазрэння ў вырабе фальшывак малады чалавек трапіў яшчэ ў пачатку года.

У дачыненні да падазронага следчым аддзелам папярэдняга расследавання Маскоўскага РУУС распачата справа на падставе ч. 1 арт. 221 Крымінальнага кодэкса (выраб, захоўванне або збыт падробленых грошай).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?