Паводле звестак праведзенага ў красавіку 2010 года даследавання беларускай інтэрнет‑аўдыторыі, месячная аўдыторыя самай папулярнай у Беларусі блогавай платформы Livejournal.com склала больш за 270 тысяч чалавек (real users), што раўняецца 8,73% усіх інтэрнет‑карыстальнікаў краіны.

Пра гэта паведаміў Міхаіл Дарашэвіч, прадстаўнік праекта Gemius Belarus — агенцтва па online‑даследаваннях Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Сярэдняя штотыднёвая аўдыторыя Livejournal.com складае больш за 100.000 чалавек, якія праглядаюць звыш 1.500.000 старонак.

Сярэдняя дзённая аўдыторыя больш чым 30.000 чалавек.

У цэлым беларуская аўдыторыя Livejournal.com супараўнальная з ахопам асобных тэлеканалаў і радыёстанцый, падкрэсліў прадстаўнік праекта Gemius Belarus.

Паводле даных даследавання, па гендэрным крытэрыі беларуская аўдыторыя livejouranl.com падзяляецца наступным чынам: мужчыны складаюць 50,66%, але жанчыны больш актыўныя. Яны робяць больш праглядаў (53,74%) і праводзяць больш часу анлайн (53,90%).

Самая шматлікая ўзроставая група — 18‑24 гады (39,7%); другая па колькасці група — людзі ва ўзросце 25‑34 гады (27,71%) — самыя актыўныя карыстальнікі, якія робяць 40% праглядаў.

Людзі з вышэйшай адукацыяй складаюць 52,08%, робяць 70% праглядаў і праводзяць больш як 70% часу.

Большасць карыстальнікаў складаюць студэнты, спецыялісты і менеджэры сярэдняга звяна. Фрылансеры (1,91% (па ўсёй аўдыторыі 1,11%) робяць больш як 7% праглядаў. Найбольш актыўныя людзі з даходам ад 1 да 1,5 млн. беларускіх рублёў і з даходам больш за 2 млн.

Большасць карыстальнікаў livejournal.com бываюць у інтэрнеце штодня (78,45%).

Тэрытарыяльна карыстальнікі гэтай блогавай платформы ў Беларусі галоўным чынам з Мінска (45,27%), яны робяць 70% праглядаў і праводзяць 70% часу.

Такім чынам, аўдыторыя Livejournal.com у Беларусі — гэта маладыя, адукаваныя людзі, з высокім узроўнем даходу, якія жывуць у Мінску.

У цэлым, паводле даных красавіцкага даследавання інтэрнет‑аўдыторыі, у Беларусі налічваецца 3 млн. 116 тыс. 186 інтэрнет‑карыстальнікаў. У гэтым выпадку гаворка ідзе пра людзей, якія карыстаюцца інтэрнетам хоць бы раз на месяц.

Іншыя звесткі маніторынгу трэндаў выкарыстання інтэрнету і змяненні ў яго карыстанні можна знайсці па адрасе: audience.by

***

Gemius Group — буйнейшае агенцтва па анлайн‑даследаваннях у Еўропе. Больш як 10 гадоў кампанія дае надзейныя і дакладныя даныя ключавым гульцам еўрапейскіх інтэрнет‑рынкаў, уключаючы ўвесь рэгіён Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, СНД, Аўстрыю, Вялікабрытанію, Данію, Ізраіль і Турцыю.

У Беларусі Gemius прадстаўлены з 2008 года і праводзіць статыстычныя і маркетынгавыя даследаванні на заказ і ініцыятыўныя праекты, такія як вывучэнне рынку электроннай камерцыі, дачыненне карыстальнікаў да розных фарматаў анлайн‑рэкламы і вымярэнне аўдыторыі Байнету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?