31 мая каля будынка Міністэрства адукацыі Беларусі на плошчы Незалежнасці адбылася акцыя «Апошні званок Аляксандру Радзькову», зладжаны моладзевымі актывістамі і чальцамі каманды кандыдата ў прэзідэнты Алеся Міхалевіча. Ніжэй змешчаны тэкст іх звароту да міністра адукацыі.

Спадар міністр!

30 красавіка Вы заявілі, што для правядзення рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэставанне ўсё падрыхтавана. Такім чынам,

Вамі быў дадзены афіцыйны старт штогадовай кампаніі па прафанацыі ведаў.
Неафіцыйна ж яна пачалася ў той дзень, калі першыя будучыя абітурыенты выправіліся да сваіх рэпетытараў, каб тыя маглі крыху павялічыць свае сціплыя настаўніцкія заробкі. Але ёсць і іншыя абітурыенты, якія рэпетытараў не наведваюць, ім гэта не патрэбна, у іх іншая стратэгія: яны проста ставяць наўздагад крыжыкі ў патрэбных клетачках і праз паўгадзіны выходзяць з аўдыторыі.
У 2009 годзе на тэставанні па матэматыцы 24% абітурыентаў набралі 10 і менш балаў, а для атрымання сертыфікату аб «паспяховай» здачы ЦТ было дастаткова і 1 (аднаго!) бала.
Але для дакладаў прэзідэнту Вам патрэбныя ўражальныя лічбы, і такія абітурыенты іх забяспечваюць.
Потым яны ідуць на платныя аддзяленні, і ў пэўнай графе з’яўляецца: адукацыйныя паслугі зробленыя на такую і такую суму.
Што рабіць з гэтымі студэнтамі выкладчыкам, Вас, зразумела, не цікавіць. Дзіўна, як пры такім падыходзе Вы яшчэ дазваляеце сабе фантазіі пра рух нашай сістэмы адукацыі да еўрапейскіх стандартаў?

А навошта трэба было раптам перарываць рэформу, распачатую ў 1998 годзе, якая ўводзіла 12-гадовую школьную адукацыю? Бо гэтая рэформа была адным з крокаў да пераходу на двухступеннную вышэйшую адукацыю, прынятую ў Еўропе. У адпаведнасці з ёй меркавалася, што апошнія два гады будзе рабіцца ўпор на профільную адукацыю школьнікаў па абраных прадметах, каб потым яны маглі атрымаць ступень бакалаўра. Напэўна, і скарачэнне гадзін на выкладанне замежных моваў мае ўсё тую ж мэту адпавядаць еўрапейскім адукацыйным стандартам. Сапраўды, навошта забіваць дзецям галаву непатрэбнымі ведамі, калі ў Еўропе кожны другі калі не валодае расійскай, то па-беларуску гаворыць толькі з ледзь прыкметным акцэнтам.

І

што Вас прымушала маўчаць, калі было прынятае рашэнне ліквідаваць «за непатрэбнасцю» профільныя, ліцэйскія і гімназійныя класы? Як магло прыйсці ў галаву замяніць іх факультатыўнымі заняткамі, наведванне якіх не з’яўляецца абавязковым? Пакажыце тое дзіця, што будзе хадзіць на «неабавязковыя» ўрокі!
Няўжо было так цяжка параіцца з настаўнікамі, перш чым пачынаць такія шкодныя пераўтварэнні? Многія настаўнікі не хавалі сваёй нязгоды з планамі Міністэрства адукацыі, але Вы, спадар міністр, замест іх слухалі іншага «непераўзыдзенага» рэфарматара адукацыі — тагачаснага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоля Рубінава. Аднак вы пралічыліся. Цяпер спадар Рубінаў знаходзіцца ў «ганаровай высылцы» ў Савеце Рэспублікі, і гэта для Вас дрэнны знак.

Ужо зусім хутка будзе ўведзеная ўсебеларуская праграма вывучэння замежных моваў, зноў з’явяцца спецыялізаваныя школы, будзе зменены парадак прыёму ў ВНУ, адбудуцца іншыя так неабходныя нашай адукацыі змены, без якіх Беларусь ніколі не стане на шлях інавацыйнага развіцця.

Наступны этап развіцця беларускай адукацыі будзе праходзіць пад дэвізам: «Галоўнае — не быць Радзьковым».
Магчыма, адзінае, што будзе нагадваць пра Вас, — гэта 10-бальная сістэма ацэнкі ведаў як наўпростае ўказанне на тое, чаго нельга рабіць.
На сённяшні ж дзень найлепшае для Вас рашэнне — гэта добраахвотная адстаўка.
Такі крок дапаможа Вам хаця б працаўладкавацца. 29 траўня празвінеў апошні званок у школах — сёння ён звініць для Вас.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0