1 чэрвеня з Віцебска накіраваўся хрэсны ход, прысвечаны 100‑годдзю перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк.

Хрэсны ход у памяць аб гэтай гістарычнай падзеі арганізаваны Віцебскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы. Хрэсны ход, які завершыцца 4 чэрвеня, адправіўся ў 7.00 ад Свята‑Пакроўскага кафедральнага сабора Віцебска, прайшоў па вуліцах Леніна, Замкавая, Кірава і Цітова. У духоўнай працэсіі ўдзельнічае амаль 60 чалавек, сярод іх — навучэнцы Віцебскага духоўнага вучылішча і прыхаджане розных храмаў Віцебска. Некаторыя ідуць з малымі дзецьмі.

Хрэснаму ходу папярэднічае ліхтар і пяць харугваў з выявай аблічча Ісуса Хрыста, Божай Маці і Мікалая Цудатворцы. Узначальвае яго іерэй Аляксандр Кавалёў, кіраўнік маладзёжнага праваслаўнага брацтва ў імя святога праведнага Іаана Кранштацкага, інспектар Віцебскага духоўнага вучылішча.

Як паведаміў Кавалёў, на працягу чатырох дзён вернікі будуць пераадольваць у сярэднім па 25 км прыкладна таго шляху, па якім 100 гадоў таму неслі святыя мошчы Ефрасінні Полацкай. »На гэтым шляху будуць некаторыя знакавыя спыненні, — адзначыў ён. — Так, заўтра, 2 чэрвеня, мы пабываем у вёсцы Ужляціна, дзе нарадзіўся свяшчэннапакутнік Мікалай Віцебскі (Акаловіч). Затым прыйдзем у вёску Лоўша. Тут у ноч з 2 на 3 чэрвеня будзе адслужана літургія ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы, дзе 100 гадоў таму начавалі мошчы святой Ефрасінні. Літургію ўзначаліць вікарны епіскап Пётр Друцкі».

4 чэрвеня хрэсны ход прыйдзе ў Полацк, дзе адбудзецца малебен з жыхарамі горада на месцы сустрэчы мошчаў у 1910 годзе, пасля чаго ўдзельнікі накіруюцца ў Спаса‑Ефрасіннеўскі манастыр.

Сёння хрэсны ход спыніцца ў школе вёскі Старое Сяло. Усяго хрэснаму ходу трэба пераадолець 100 км.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?