У 2010 годзе ў беларускія студэнцкія атрады плануецца прыцягнуць больш як 22 тыс. чалавек, у тым ліку 700—800 падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў сувязі з асацыяльнымі паводзінамі.

Пра гэта паведаміў 31 мая на прэс‑канферэнцыі ў Мінску галоўны інспектар ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі Аляксей Ананенка.

Паводле яго слоў, студатрады будуць працаваць на 715 аб’ектах. Чакаецца, што працаўладкаванне ў іх дазволіць не толькі заняць падлеткаў і моладзь, але і ўмацуе іх матэрыяльны дабрабыт.

Старшы інспектар аддзела арганізацыі прафілактыкі правапарушэнняў непаўналетніх упраўлення прафілактыкі МУС Алег Максімаў паведаміў, што забеспячэнне працай непаўналетніх летам 2010 года магчымае таксама праз цэнтры працаўладкавання. Падлеткам прапаноўваецца некваліфікаваная праца, прычым яны могуць працаваць няпоўны працоўны дзень, ёсць абмежаванні па допуску да работ. Аднак большая частка ахвотных будзе працаўладкаваная, прычым асаблівая ўвага будзе надавацца працаўладкаванню цяжкіх падлеткаў, заявіў Максімаў.

Адным з галоўных кірункаў працы са школьнікамі летам 2010 года традыцыйна будзе іх накіроўванне ў аздараўленчыя лагеры.

Аляксей Ананенка таксама зазначыў, што сёлета летнім аздараўленнем плануецца ахапіць больш як 418 тыс. дзяцей — 35% ад усіх дзяцей ад 6 да 18 гадоў. У аздараўленчых лагерах з кругласутачным знаходжаннем пройдуць аздараўленне больш як 186 тыс. дзяцей, з дзённым знаходжаннем — амаль 228 тыс. Усяго на правядзенне аздараўленчай кампаніі выдзяляецца больш як 76 млрд. рублёў.

Асаблівая ўвага надаецца накіроўванню ў лагеры сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў сацыяльна небяспечным становішчы, і дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. Апошнія накіроўваюцца ў ваенна‑патрыятычныя і абаронна‑спартыўныя лагеры. Усяго летам 2010 года плануецца арганізаваць працу 151 такога лагера, дзе пройдуць аздараўленне 5 тыс. цяжкіх падлеткаў.

Як зазначыў Ананенка, для дзяцей, якія застануцца летам дома, будуць працаваць установы пазашкольнага выхавання і навучання. На працягу навучальнага года ў іх займаюцца 415 тыс. дзяцей і падлеткаў. У летні перыяд установы пазашкольнага выхавання і навучання будуць працаваць з дзецьмі ў больш свабодным графіку і выязджаць для правядзення майстар‑класаў у аздараўленчыя лагеры.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?