31 мая ў Беларусі праводзіцца Сусветны дзень без тытуню. У 2010 годзе ў яго межах плануецца прыцягнуць увагу да праблемы ўздзеяння тытуню на жанчын і дзяўчат.

Як паведаміла загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГЭіГЗ) Вольга Бартман, у гэты дзень у РЦГЭіГЗ праходзіць акцыя »Мы не курым». Усім супрацоўнікам цэнтра і наведнікам прапануецца выпіць шклянку соку ў падтрымку здаровага ладу жыцця. Затым кожны павінен напісаць свае пажаданні, як пазбавіцца ад курэння. Надведнікам раздаюць інфармацыйныя матэрыялы па праблеме курэння. Ва ўсёй краіне таксама праходзяць мерапрыемствы акцыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа »Дыхай свабодна» па інфармаванні насельніцтва аб шкодзе курэння.

Прапаганду здаровага спосабу жыцця рэалізуюць таксама маладзёжныя арганізацыі краіны. Так, у межах акцыі »Беларусь супраць тытуню», якая праводзіцца з 15 мая, грамадская арганізацыя »Жыццё без курэння» арганізавала конкурс білбордаў. Дзецям было прапанавана намаляваць плакат з заклікам адмовіцца ад курэння. Лепшыя работы выбіралі спецыялісты‑медыкі і прадстаўнікі Мінадукацыі.

Як адзначыла Вольга Бартман, у акцыі актыўна ўдзельнічаюць студэнты. Так, спецыяльны студэнцкі патруль для прапаганды каштоўнасці здаровага спосабу жыцця створаны ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Нагадаем, у Беларусі доля курцоў сярод мужчын складае больш за 50%, сярод жанчын — больш за 20%. З 2001 года колькасць курцоў у цэлым у краіне скарацілася, аднак адбываецца гэта ў асноўным за кошт мужчын. Доля жанчын, якія кураць, павялічылася з 19,7% у 2001 годзе да 21,4% у 2009 годзе.

У той жа час, заяўляюць у РЦГЭіГЗ, менавіта на жанчын і дзяўчат тытунь аказвае найбольш моцнае разбуральнае дзеянне. Курэнне шматразова павышае ступень рызыкі ўзнікнення злаякасных новаўтварэнняў рознай лакалізацыі, цяжкіх форм захворвання органаў дыхання, уключаючы хранічную абструктыўную хваробу лёгкіх, хранічны бранхіт і эмфізэму. Курэнне падчас цяжарнасці павышае верагоднасць дачасных родаў, мёртванараджэння і смерці нованароджанага, а таксама можа быць прычынай зніжэння лактацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?