«Праблема «ўцечкі мазгоў» у Беларусі сёння не такая актуальная», — лічыць галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык.

Пра гэта ён заявіў, выступаючы 28 мая ў Мінску на адкрыцці рэспубліканскай навукова‑практычнай канферэнцыі «Перспектывы развіцця рэспубліканскай сістэмы навукова‑даследчай працы студэнтаў».

«Калі раней мы маглі паехаць папрацаваць за 1‑2 тыс. долараў, то сёння маладыя людзі не паедуць за такія грошы, а будуць уладкоўваць сваё жыццё тут»,

— сказаў ён. Паводле слоў Чыжыка, з‑за сітуацыі, што склалася ў 1990‑х гадах, у НАН «практычна няма спецыялістаў 35‑40 гадоў, паколькі яны або сышлі ў камерцыю, або з’ехалі за мяжу». Як паведаміў Чыжык, «навуковыя інстытуты НАН, безумоўна, адчуваюць кадравы голад на фоне старэння спецыялістаў». Разам з тым, колькасць маладых вучоных да 29 гадоў складае больш як 20% супрацоўнікаў акадэміі.

Гаворачы пра заработную плату ў навуцы, Чыжык паведаміў, што ў канцы 2009 года ў сярэднім яна склала каля 1 млн. 400 тыс. рублёў.

Стыпендыя аспіранта, паводле яго слоў, сёння складае больш за 600 тыс. рублёў.

«Мы лічым, што гэта мала, недастаткова для спецыялістаў высокага ўзроўню», — дадаў ён.

Паводле слоў Чыжыка, НАН зацікаўлена ў выяўленні маладых вучоных, схільных да творчай навуковай працы. Паводле яго меркавання, такую працу неабходна весці яшчэ са студэнцкай лаўкі — прыцягваць навучэнцаў з 3‑га курса да працы ў лабараторыях. Ён адзначыў, што каля 500 супрацоўнікаў НАН выкладаюць у ВНУ і займаюцца выяўленнем зацікаўленых студэнтаў. Чыжык заявіў, што НАН гатова прыняць студэнтаў у лабараторыі інстытутаў, даць лабараторную базу. Ён нагадаў, што ў беларускіх ВНУ створаны 37 сумесных з НАН кафедраў, навуковых цэнтраў, але некаторыя з іх, паводле яго слоў, «працуюць недастаткова эфектыўна».

Вучоны нагадаў, што сёлета НАН і Беларускі дзяржаўны універсітэт заключылі пагадненне аб падрыхтоўцы навуковых кадраў, якое прадугледжвае сумесную працу са студэнтамі, стварэнне сумесных кафедраў, арганізацыю конкурсаў навуковых праектаў. Чыжык паведаміў, што ў наступным годзе будзе карэктавацца сістэма фінансавання навукі, і конкурсы навуковых праектаў атрымаюць фінансавую падтрымку.

Як паведаміў Чыжык, «пытанне прыцягнення кадраў у даследчую працу вельмі востра стаіць ва ўсім свеце». Паводле яго меркавання, вырашэнню гэтай праблемы ў Беларусі будзе спрыяць развіццё навуковых даследаванняў айчыннымі прадпрыемствамі. «За кошт гэтага будзе запатрабаваны студэнт, які прысвячае сябе навуцы», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?