Прэс‑служба прэзідэнта Беларусі аспрэчвае інфармацыю пра сённяшнюю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з Віктарам Януковічам.

Інфармацыю аб тым, што 28 мая ў Батурыне (Чарнігаўская вобласць Украіны) нібыта адбылася сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны, распаўсюдзіла сёння агенцтва РБК са спасылкай на крыніцу ў адміністрацыі Януковіча. Паведамлялася, у прыватнасці, што на сустрэчы будзе абмяркоўвацца ў тым ліку пытанне аб дэмаркацыі беларуска‑ўкраінскай мяжы.

«Інфармацыя РБК, мякка кажучы, не адпавядае рэчаіснасці», — заявіў кіраўнік прэс‑службы прэзідэнта Беларусі Павел Лёгкі. «Прэзідэнт знаходзіцца ў Мінску, у сваёй рэзідэнцыі, працуе», — дадаў ён.

Нагадаем, інфармацыя пра магчымую сустрэчу Лукашэнкі і Януковіча з’явілася яшчэ напярэдадні, 27 мая, аднак і ў Мінску, і ў Кіеве яе аспрэчылі.

29 красавіка прэзідэнт Украіны наведаў Мінск з афіцыйным візітам. Пасля гэтага Лукашэнка і Януковіч сустракаліся 8 мая на нефармальным саміце СНД пад Масквой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?