Адмена ЗША санкцый у адносінах да беларускіх прадпрыемстваў дасць штуршок да канструктыўнага і сістэмнага дыялогу з амерыканскім бокам. Пра гэта заявіў прэс‑сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, паведамляе БЕЛТА.

«Што да падаўжэння мараторыю на ўжыванне санкцый у дачыненні да дзвюх нашых прадпрыемстваў, мы разглядаем гэта як рашэнне ў правільным кірунку. Перад двума партнёрамі стаіць задача па расстыкоўцы тых завалаў, якія ўзніклі ў дзвюхбаковых адносінах у мінулыя гады», — сказаў Андрэй Савіных.

Паводле Савіных, Беларусь канструктыўна падыходзіць да гэтай праблемы і гатовая да сур’ёзнага дыялогу з ЗША.

«Перакананыя, што мы маглі б шмат зрабіць у інтарэсах дзвюх дзяржаў, і лічым, што адмена санкцый у прынцыпе з’яўляецца важнай умовай для пачатку такога дыялогу», — падкрэсліў прэс‑сакратар МЗС.

***

У лістападзе 2007 года ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, а ў сакавіку 2008 года — да ўсіх прадпрыемстваў «Белнафтахіма».

У верасні 2008 года ў дачыненні да двух ААТ — «Лакафарба» і «Полацк‑Шкловалакно» Мінфін ЗША на паўгода змякчыў санкцыі. У лютым 2009 года дзеянне гэтага рашэння было падоўжанае да 1 чэрвеня, затым — да 30 лістапада 2009 года.

Днямі змякчэнне санкцый у дачыненні да двух згаданых прадпрыемстваў «Белнафтахіма» зноў было падоўжанае на паўгода — да 30 лістапада 2010 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?