Падчас учорашняй нарады ў пытаньнях разьвіцьця прыватных гаспадарак Аляксандар Лукашэнка прызнаўся, што ў вольны ад прэзыдэнцкіх спраў час сам вядзе асабістую гаспадарку.

Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што трымае карову. Маўляў, як і для сотняў тысяч беларусаў, для яго карова — карміліца. Відаць, перадусім для малодшага сына Мікалая, якому карысна ўжываць натуральнае малако, а не малочны напой з крамы:

«Я, напрыклад, яры прыхільнік разьвіцьця прыватных падсобных гаспадарак. І ня толькі як прэзыдэнт, але і асабіста. У мяне карова ёсьць. Гэта для душы. Таму што зямля ўвогуле робіць высакародным чалавека, а жывёла — тым больш… Вельмі правільна хтосьці заўважыў, што гэта і выхаваньне.

Калі дзіця зь дзяцінства круціцца там, дзе ёсьць скаціна, ‑‑ гэта зусім іншы чалавек. Карова ў маім жыцьці (ды і многіх вашых) — гэта душа сям’і. Яна карміла ўсіх. Мы людзі такія…».

Да ўлады Аляксандар Лукашэнка таксама прыйшоў у «суправаджэньні» каровы: у 1994‑м гонар і, як аказалася, «душа сям’і» — Мілка — была амаль такім жа папулярным газэтным пэрсанажам, як і новаабраны прэзыдэнт.

Аднак найвышэйшы дзяржаўны статус ня даў магчымасьці ўтрымліваць карміліцу надалей: неўзабаве дом Лукашэнкаў у Рыжкавічах быў узяты пад узмоцненую варту, а Галіне Радзівонаўне ў статусе першай лэдзі было не з рукі сядзець пад каровай. Урэшце Лукашэнкі былі вымушаныя прадаць сваю любіміцу.

Дзе прапісаная спадкаемка Мілкі — Лукашэнка не ўдакладніў. Прэзыдэнцкая прэс‑служба гэтаксама не паведамляе асабістых фактаў з жыцьця кіраўніка дзяржавы, да якіх, натуральна, адносіцца і хатняя гаспадарка прэзыдэнта. Варыянтаў дысьлякацыі каровы №1 няшмат.

Перадусім, гэта жылая рэзыдэнцыя ў Драздах на ўскрайку Менску ды асучасьненае лецішча ў Астрашыцкім гарадку. На карысьць першага варыянту сьведчыць перадача з цыклю «Формула ўлады», падрыхтаваная летась расейскім журналістам Міхаілам Гусманам.

На тэлевізійных кадрах — элітная спэцбрыгада, якая косіць траву ў рэзыдэнцыі. На чале калёны сам Лукашэнка, за ім — сыны Віктар і Дзьмітрый, бізнэсовец Юрый Чыж, біятляніст Сяргей Булыгін, экс‑капітан тэніснай зборнай Сяргей Цяцерын, хакейны спэцыяліст Міхаіл Захараў. Забясьпечыць такімі сіламі адну карову — справа няхітрая. Дарэчы, у адным з інтэрвію Міхаіл Захараў расказаў, што ў Драздах пяць палёў, якія ў сэзон даводзіцца касіць ледзьве не штодня: пакуль дойдзеш да апошняга, на першым зноў трава ў пояс.

Экспэрт у галіне сельскай гаспадаркі, акадэмік Іван Нікітчанка навіной пра прэзыдэнцкую карову ашаломлены:

«Дзе ён яе трымае, у Драздах? І сам, напэўна, доіць? (сьмяецца). У вёсцы клопат пра карову кладзецца на плечы гаспадара і гаспадыні. Гаспадар сена рыхтуе, гаспадыня корміць і доіць яе. Але ж у Лукашэнкі фармальна гаспадыні няма, значыць, ён і сена косіць, і доіць?…

Але думаю, што ўсё гэта — як і многае ў ягоным выкананьні: увечары сказаў, а раніцай забыўся, што напярэдадні наплёў. Несур’ёзна гэта ўсё. Ён, мабыць, сваім прыкладам хацеў падштурхнуць да таго, каб людзі ажывілі прыватныя гаспадаркі.

Але ж вёска абязьлюднела! Хто будзе працаваць? Спачатку ўсе пачынаньні задушылі, а потым штурхаць надумаліся? Няма ўжо каго штурхаць. Блеф усё гэта… Вы ж памятаеце, як Лукашэнка расказваў, што быў «фэрмэрам». Магчыма, але толькі ў тым выпадку, што за саўгасны кошт сеяў бульбу на дзяржаўных палетках, гаспадарка за ёй даглядала, а потым здавалі ў райпо і атрымлівалі грошы ва ўласныя кішэні. Такое «фэрмэрства» пры канцы 1980‑х у нас сапраўды практыкавалася сярод кіраўнікоў гаспадарак».

Зрэшты, напачатку 2000‑х практычна ў цэнтры сталіцы рыхтавалася месца для каровы прэзыдэнтавай маці.

За некалькі мэтраў ад праспэкту Пераможцаў пры павароце на Дразды для Кацярыны Трафімаўны быў збудаваны невялікі катэдж з абавязковым вясковым атрыбутам — хлявом. Адзін з будаўнікоў расказваў, што ў хляве быў абсталяваны стаяк для каровы. Аднак неўзабаве пляны зьмяніліся — трымаць карову сапраўды выглядала занадта авантурна. У выніку падлогу аздобілі пліткай, а месца ў стаяку заняў міліцыянт. А каб не сумаваў, яму паставілі тэлевізар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?