У Мінску затрымана сем удзельнікаў акцыі ў памяць пра выкрадзенага міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранку. Сярод затрыманых — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Удзельнікі акцыі сабраліся ў 15.00 каля універсама «Магілёўскі» і адтуль у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі прайшлі да дома па вуліцы Жукоўскага, дзе жыў Юрый Захаранка. Пасля таго, як удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да сцен дома, іх пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым напрамку.

Дзе зараз знаходзяцца затрыманыя, невядома. Анатоль Лябедзька на тэлефонныя званкі не адказвае.

Генерал‑маёр Юрый Захаранка знік 11 гадоў таму, 7 мая 1999 года, пры нявысветленых акалічнасцях.

Падчас выбараў першага прэзідэнта Беларусі ён уваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, а ў 1994—1996 гадах займаў пасаду міністра ўнутраных спраў.

Сышоўшы ў апазіцыю, у 1998 годзе Захаранка стаў членам «ценявога ўрада», дзе ўзначаліў камітэт па бяспецы. Вясной 1999 года генерал браў актыўны ўдзел у арганізаванай апазіцыяй кампаніі па выбарах прэзідэнта. Ён увайшоў у каманду экс‑прэм’ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы па зборы подпісаў.

Карыстаючыся аўтарытэтам сярод супрацоўнікаў МУС, Захаранка стварыў альтэрнатыўны саюз афіцэраў. Паводле адной з версій, менавіта гэта і стала асноўнай прычынай раптоўнага знікнення былога міністра. Яго выкралі вечарам 7 мая ў раёне вуліцы Магілёўскай у Мінску па дарозе дадому. У хуткім часе сям’я Захаранкі атрымала палітычны прытулак у Германіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?