Польскія інтэлектуалы і святары заклікалі палякаў прыбраць ваенныя могілкі — жэст паяднання і прымірэння.

Па ўсёй Польшчы ляжаць на могілках некалькі сотняў тысяч савецкіх салдат. Яны загінулі ў 1944—1945 гг. Ішлі на Берлін «за Родину». Змагаліся з немцамі, кіруючыся загадамі, але і пачуццём помсты — за забітыя сем’і, спаленыя вёскі, разбураныя гарады.

Неабстрэляных, пасылалі іх у безнадзейныя аперацыі, і яны гінулі тысячамі. Амаль 32 тысячы савецкіх салдат пахавана ў Браневе. 22 тысячы — у Варшаве, на Жвірках і Вігурах, 11 тысячаў — у Бельска‑Бялай, 8 тысячаў — ва Ўроцлаве.

Іх крэўныя да сёння прыязджаюць туды, да магілы брата ці бацькі. Але там цяжка знайсці свежыя кветкі, запаленыя свечкі. Клопат палякаў пра загінулых расійцаў скончыўся з выдаткаваннем з дзяржаўнага бюджэту некалькіх мільёнаў злотых на год на рэстаўрацыю сацыялістычных помнікаў.

Палякаў не хвалюе стан гэтых магілаў.

Маўляў, калі Польшча 44 гады была пад ботам Савецкага Саюза, савецкі салдат — ніякі не вызваліцель, а акупант; яны на штыхах прынеслі камунізм, а потым засталіся на гэтай зямлі. Навошта турбавацца пра іх памяць?

— Большасць з іх былі звычайныя хлопцы, якія ішлі да Берліна, марачы пра свабоду, а не пра сталінскія ідэалы. Гэта магілы не ворагаў, а людзей, якія прынеслі нам свабоду. Хіба мы не можам зразумець драму салдат, кроў, боль? — напісаў у сваім звароце арцыбіскуп Юзэф Жыціньскі, мітрапаліт Люблінскі.

Тыдзень таму, крануты салідарнасцю расійцаў пасля катастрофы самалёту прэзідэнта, я звярнуўся да ўсіх з заклікам адзначыць 65‑ю гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны ўпарадкаваннем магілаў савецкіх салдатаў. Гэта будзе знак памяці і сімвал расійска‑польскага прымірэння.

І пачалася праца.

Некалькі маладых палякаў стварылі на фэйсбуку профіль «Памяць і прымірэнне», і да іх далучыліся людзі, якія хочуць арганізаваць акцыю на 9 траўня ў сваіх гарадах.

Некалькі дзесяткаў мастакоў, навукоўцаў, журналістаў і палітыкаў, у тым ліку Анджэй Вайда і Віслава Шымборска, падпісалі ліст прымірэння.

Імёны тых, хто падпісаў ліст, — на 9maja.pl

Анджэй Вайда:

«Я пайду на могілкі і запалю свечкі, бо савецкія салдаты ваявалі за справядлівую справу, за нашую справу таксама. Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб прымірыць палякаў і расійцаў. Асабліва сёння, калі расійцы выказваюць салідарнасць з намі ў трагедыі, а з іншага боку чуваць галасы людзей, якія хочуць, каб мы пасварыліся.

Канфлікты палякаў і расійцаў ідуць з таго, што намі дзесяцігоддзі кіраваў Савецкі Саюз, і нам вельмі цяжка аддзяліць Расію ад СССР.

Варта нарэшце пакласці канец крыўдам і падазрэнням. Афіцэраў у Катыні забілі Сталін і выканаўцы яго загадаў. Гэта злачынства сталінскага рэжыму, а не шараговых расійцаў.

Мы не хацелі б, каб праз некалькі дзесяцігоддзяў пасля заканчэння вайны яны па‑ранейшаму былі абцяжараныя адказнасцю за злачынствы камунізму. Катынь не павінная кідаць цень на нашыя стасункі.

Звычайныя расійцы былі такімі ж ахвярамі рэжыму, як і мы, палякі. Я бачыў, што зазналі ад камуністаў мае расійскія сябры, Андрэй Таркоўскі ці Валодзя Высоцкі. Яны пакутавалі так, што многім палякам цяжка сабе гэта ўявіць. У тыя страшныя дні, у такіх стасунках, як маё сяброўства з Высоцкім, была надзея на будучыню — бо калі мы давяраем адзін аднаму, калі мы разам у самыя цяжкія моманты, то і ў будучыні мы здзейснім шмат, і гэта пабудуе супольнасць. Час прыйшоў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?