Камітэт аховы прыроды Мінгарвыканкама абвінаваціў царкву «Новае жыццё» ў «знішчэнні прыроды», указаўшы на тое, што на іх тэрыторыі «нафта ажно сачыцца».

Як распавёў «Салідарнасці» юрыст царквы «Новае жыццё» Сяргей Луканін, 4 траўня мусіла адбыцца праверка з удзелам эколагаў, аднак замест яе вернікі атрымалі толькі паперу з суда.

— Сёння мы атрымалі з гаспадарчага суда Мінска дакумент, з якога даведаліся, што супраць нас узбуджаная гаспадарчая справа па іску прыродаахоўнага камітэта Мінска. Праз суд яны хочуць спагнаць з нас больш за 200 мільёнаў рублёў. Мусіла таксама адбыцца праверка з удзелам эколагаў. Але яна скончылася не пачаўшыся: прыехалі тры прадстаўніка мінскага прыродаахоўнага камітэта, але, паводле іх слоў, мусяць прысутнічаць яшчэ чыноўнікі з розных кантралюючых устаноў. Паколькі апошнія да нас не даехалі, эколагі таксама вырашылі з’ехаць.

Аднак паводле вынікаў папярэдняй праверкі, на тэрыторыі царквы эколагі знайшлі нафту:

— Мы не можам пацвердзіць, што тая праверка была, — кажа суразмоўца, — са слоў эколагаў, яны прыязджалі на нашу тэрыторыю, хаця прадстаўнікоў царквы не было, бралі нейкія пробы і даследавалі іх у сваёй лабараторыі. А потым паведамілі, што на тэрыторыі царквы «Новае жыццё» прысутнасць нафтапрадуктаў у глебе перавышае звычайную лічбу ў пяць разоў»! Атрымліваецца, у нас знізу нафта ажно сачыцца. Таму эколагі прапанавалі нам выплаціць больш за 200 мільёнаў рублёў за нанесеную прыродзе шкоду.

Прычынай праверкі стала тое, што на тэрыторыі царквы вернікі вырашылі пабудаваць дзіцячую пляцоўку. Па словах юрыста, яны параўнялі невялікі кавалак зямлі, каб потым зрабіць на ім газон.

— Гэта эколагі назвалі «знішчэннем пладароднага слоя глебы». Як яны адзначылі раней, за гэтае «знішчэнне» нам пагражае яшчэ больш буйны штраф. Аднак раней на гэтым месцы быў гарадскі сметнік, які вернікі расчысцілі сваімі рукамі.

Рашэнні чыноўнікаў вернікі ўспрымаюць як сродак эканамічнага ціску з мэтай знішчыць яе.

— На сённяшні дзень супраць нашай царквы было больш за 30 судоў, — паведаміў Сяргей Луканін. — Кожны раз у нас былі ўсе падставы, каб выіграць справу, бо закон быў на нашым баку. Але раз за разам мы бачылі, што закон — гэта не тое, што турбуе чыноўнікаў, калі яны маюць нейкі заказ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?