Статус герба Вялікага княства Літоўскага «Пагоня» замацаваны гістарычна і афіцыйна. Пра гэта заявіў 3 мая на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік старшыні Геральдычнай рады пры прэзідэнце, дырэктар дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Уладзімір Адамушка, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Ён адзначыў, што ў краіне дзейнічаюць афіцыйныя дзяржаўныя знакі, зацверджаныя заканадаўствам Беларусі. «Статус жа былых дзяржаўных знакаў не зацверджаны айчынным заканадаўствам», — сказаў Адамушка.

Герб ВКЛ «Пагоня» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, адзначыў ён.

«Гэты геральдычны знак знайшоў сваё месца на гербах гарадоў Віцебск, Верхнядзвінск і Лепель (Віцебская вобласць), а таксама Рэчыца (Гомельская вобласць). Такім чынам, выява гэтага герба замацавана гістарычна і афіцыйна», — падкрэсліў Адамушка.

Паводле слоў сакратара Геральдычнай рады пры прэзідэнце Марыны Ялінскай, Міністэрства культуры не палічыла неабходным уносіць бел-чырвона-белы сцяг у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, бо ён стаў знакам Беларускай Народнай Рэспублікі па прапанове дзяржаўнага сакратара БНР Клаўдзія Дуж-Душэўскага толькі ў пачатку 1919 года. «Іншая справа, што само спалучэнне белага і чырвонага колераў гістарычна ўласцівае беларусам», — сказала Ялінская.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прытрымліваецца іншага пункту гледжання. Ён заявіў, што «ўдзельнікі прэс-канферэнцыі, відаць, забыліся, што бел-чырвона-белы сцяг з'яўляўся дзяржаўным знакам Рэспублікі Беларусь з 1991 па 1995 гады, і пад гэтым сцягам адбывалася станаўленне сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы». Вось чаму бел-чырвона-белы сцяг «цалкам» адпавядае крытэрыям, што прад'яўляюцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспубліцы Беларусь, падкрэсліў Астаповіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?