Папярэднічаць гэтаму будзе царкоўнае блаславенне.
3 мая лідэр руху «За Свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч афіцыйна дасць старт сваёй выбарчай кампаніі.
Напачатку а 11‑й пройдзе малебен у царкве Святых Пятра і Паўла, а ў 11.30 у адным з мінскіх касцёлаў. Пасля гэтага ў гатэлі «Еўропа» будзе абвешчана пра пачатак перадвыбарчай кампаніі А. Мілінкевіча.
Лідэр Руху за Свабоду ідзе на выбары пад праеўрапейскімі лозунгамі, паведамляе сайт АДС.
У 2006 г. Мілінкевіч ужо ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах у якасці адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Паводле звестак незалежных сацыялагічных апытанняў, палітык здабыў падтрымку 18% выбарцаў. У 2001 годзе быў кіраўніком перадвыбарчай кампаніі Сямёна Домаша.
Пра свой удзел у будучых прэзідэнцкіх выбарах заявілі таксама Алесь Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі (Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя), Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў (каардынатар «Хартыі'97»).
Заявіла дэ-факта пра свой удзел у будучай кампаніі Аб'яднаная грамадзянская партыя (калі не будзе адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл). Трэці раз будзе балатавацца Сяргей Гайдукевіч. «Вагаецца» Аляксандр Лукашэнка.





