Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан заявіла аб падтрымцы палітыкі ЕС, у прыватнасці Еўрапарламента, у дачыненні да Беларусі. Пра гэта пасля сустрэчы з Клінтан старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек расказаў журналістам 27 красавіка ў Вашынгтоне, паведамляе прэс‑служба кіраўніка парламента Еўрасаюза.

Бузек адзначыў, што Клінтан падтрымала ідэю стварэння Еўранеста — парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства, якая грунтуецца «на паважанні агульных каштоўнасцяў».

Амерыканскія СМІ паведамляюць, што кіраўнік Еўрапарламента быў «здзіўлены дасведчанасцю Клінтан аб сітуацыі ў Беларусі».

Бузек заклікаў да ўмацавання сувязяў паміж кангрэсам ЗША і Еўрапарламентам, функцыі якога пашырыліся пасля набыцця моцы Лісабонскім пагадненнем.

Кіраўнік Еўрапарламента ўказаў на станоўчы вопыт пашырэння і стабілізацыі рэгіёну, які прылягае да ЕС. «Лепш назаляць, чым забіваць», — сказаў Бузек, каментуючы прыярытэт для ЕС перамоў над выкарыстаннем сілы.

Як раней паведамлялася, пасяджэнне Еўранеста было адкладзена ў сакавіку на няпэўны тэрмін з‑за рознагалоссяў адносна складу беларускай дэлегацыі.

Еўрапарламент не падтрымлівае адносін з Нацыянальным сходам Беларусі з 1996 года, калі не былі прызнаны дэмакратычнымі выбары ў парламент. Таму Мінску было прапанавана сфарміраваць дэлегацыю ў Еўранесце з пяці прадстаўнікоў парламента і пяці прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Аднак беларускія ўлады адмовіліся.

Зараз пытаннем складу беларускай дэлегацыі Еўрапарламент займаецца сумесна з вярхоўным прадстаўніком ЕС Кэтрын Эштан і еўракамісарам па пытаннях Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?