Беларускі бок мае намер унесці прапанову аб стварэнні адзінага падручніка гісторыі краін СНД падчас першага з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін Садружнасці. Пра гэта паведаміў 26 красавіка на прэс‑канферэнцыі ў Астане (Казахстан) намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно, перадае РІА новости.
Фарыно зазначыў, што ў сучасных падручніках па гісторыі краін Садружнасці існуюць разыходжанні па палітычных, ідэалагічных, эканамічных і кіраўніцкіх пытаннях. На яго думку, над стварэннем адзінага падручніка павінен працаваць вялікі аўтарскі калектыў, у які будуць уваходзіць гісторыкі і палітыкі з краін СНД. Намеснік міністра адукацыі Беларусі мяркуе, што спачатку павінен быць створаны падручнік для вучняў 10—11‑х класаў. Пасля яго апрабацыі ў старэйшых класах можа быць распрацаваны такі падручнік і для 5—9‑х класаў.
У сваю чаргу намеснік міністра адукацыі і навукі Расіі Ісак Каліна мяркуе, што найперш павінен быць створаны адзіны навучальны дапаможнік па гісторыі краін СНД для настаўнікаў. «Я быў бы рады, калі б з’явіўся агульны падручнік гісторыі краін Садружнасці, але я хутчэй веру ў агульную кнігу для настаўніка», — сказаў Каліна журналістам. На яго думку, агульныя для краін СНД падручнікі для школьнікаў павінны быць хутчэй па матэматыцы, фізіцы і хіміі.
***
Першы з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД у Астане пачаў працаваць 26 красавіка. Форум праводзіцца пры падтрымцы Савета па гуманітарным супрацоўніцтве і Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў— удзельніц СНД.
Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, у мерапрыемстве бяруць удзел больш як 500 прадстаўнікоў міністэрстваў адукацыі, навуковай супольнасці і экспертаў у сферы адукацыі, грамадскія дзеячы і заслужаныя настаўнікі з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана і Украіны. У складзе беларускай дэлегацыі — 20 спецыялістаў.
Падчас працы з’езда 26—27 красавіка плануецца абмеркаваць кірункі далейшай інтэграцыі нацыянальных адукацыйных сістэм, збліжэння адукацыйных праграм і цыклаў навучання, фарміравання адзіных падыходаў у ацэнцы і падтрымцы якасці адукацыі. Чакаеццца, што на з’ездзе будуць падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж адукацыйнымі ўстановамі дзяржаў — удзельніц СНД.





