Вясна… Сонейка, добры настрой. Ва ўсю цвітуць сетчатыя ірысы і крокусы, пад запаветным дубам зямля блакітная ад плямачак пралесак, нястрымна пруць з зямлі цюльпаны (дарвінаўскія гібрыды) і падымаюць галоўкі нарцысы, раскашуе белая сцыла, а ў зацішным куточку саду ціхенька зацвіла гусіная цыбулька… Давай падзелімся настроем — давай паклічам сяброў на кактэйлі!

Кактэйлі, як ніякія іншыя напоі, спрыяюць таму, каб з бакалам у руках гуляць па зялёным мурагу і захапляцца нязломнасцю жыцця ў кампаніі добрых сяброў — такіх жа нязломных, як само жыццё.

Спецыфічных беларускіх кактэйляў пакуль не вынайдзена, такім чынам, зробім для сяброў тое, што па строгіх, зацверджаных рэцэптах робіцца ва ўсім свеце на працягу ўжо больш як 50 гадоў.

Хаця, чаму па такіх ужо строгіх? Тут ёсць наш беларускі сакрэт: хаця для многіх класічных рэцэптаў патрабуюцца напоі, якія ў нас каштуюць зашкальна дорага, іх смела можна замяніць больш даступнымі: вермут «Марціні» — любым іншым добрым вермутам, тэкілу — гарэлкай добрай ачысткі (напрыклад, «Генерал»), лікёры «Куантро» і «Кюрасао» — іншымі апельсінавымі лікёрамі. Смак будзе не горшым!

Маргарыта.

Маргарыта.

Манхэтэн.

Манхэтэн.

Марціні.

Марціні.

Паміж старонкамі.

Паміж старонкамі.

«Маргарыта»

40 мл тэкілы, 15 мл лікёру «Куантро», 15 мл лімоннага соку, 2—3 кубікі лёду, соль для «шэрані»

У шэйкеры змяшаць усе інгрыдыенты з кубікамі лёду і працадзіць у кілішак, ахалоджаны і заўчасу аблямаваны «шэранню» з солі.

Зрабіць «шэрань» можна так: край кілішка злёгку змачыць вадой або лімонным сокам, а затым перакуліць у насыпаную тоўстай варствай соль буйнога памолу.

Бакал упрыгожыць скрылікам лімона або лайма.

«Манхэтэн»

40 мл віскі бурбон, 20 мл вермуту, 3—4 раскрышаныя кубікі лёду, вішанька

У шэйкеры перамяшаць віскі і вермут, дадаць раскрышаныя кубікі лёду і працадзіць у ахалоджаны кілішак для кактэйляў.

Упрыгожыць вішанькай.

«Марціні»

40 мл джыну, 20 мл вермуту «Марціні», 3—4 кавалачкі лёду

Змяшаць усё ў шэйкеры, падаць ў кілішку для кактэйляў, прыкрасіўшы аліўкай.

«Паміж старонкамі»

30 мл брэндзі, 20 мл белага рому, 20 мл «Куантро», 10 мл лімоннага соку, 3—4 кубікі лёду, вішанька.

У шэйкеры змяшаць усе інгрыдыенты з кубікамі лёду і працадзіць у кілішак для кактэйляў. Прыўкрасіць вішанькай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?