УУС Гомельскага аблвыканкама папярэджвае аб магчымай актывізацыі махляроў падчас выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў.

Як паведамілі ў прэс‑службе ўпраўлення, злачынцы могуць наведваць кватэры грамадзян пад выглядам членаў участковых камісій і прапаноўваць ім «прагаласаваць дома». Галоўнай мэтавай групай зламыснікаў з’яўляюцца пенсіянеры.

УУС нагадвае, што датэрміновае галасаванне праводзіцца з 20 па 24 красавіка толькі ў памяшканні выбарчага ўчастка. Па месцы жыхарства галасаванне арганізуецца толькі ў дзень выбараў, 25 красавіка, па пісьмовай або вуснай просьбе выбаршчыка не менш як двума членамі ўчастковай камісіі.

За студзень—люты 2010 года ў Гомельскай вобласці ўчынена 126 злачынстваў у адносінах да пенсіянераў, з іх большасць — крадзяжы. Як правіла, злачынствы ўчыняліся жанчынамі, якія ўваходзілі ў давер да пацярпелых. Яны называліся работнікамі дзяржаўных служб і ўстаноў. Так, 17 красавіка ў Хойніцкім раёне невядомая, якая назвала сябе работніцай гаргазу, увайшла ў дом да 75‑гадовай жыхаркі вёскі. Жанчына ўкрала ў пенсіянеркі 110 тысяч рублёў і ўцякла.

Для папярэджання падобных выпадкаў УУС рэкамендуюць умацаваць дзверы кватэры, аснасціць яе вочкам, ланцужком, засаўкай; не адчыняць дзверы незнаёмым людзям. Міліцыя таксама папярэджвае, што часта злачынцаў упускаюць, калі яны называюць сябе знаёмымі сваякоў або іх сябрамі. Іншым разам махляр просіць прынесці паперу і ручку, каб пакінуць запіску суседзям. Жанчыны могуць папрасіць папіць вады ці перапавіць дзіця, назвацца работнікамі сацыяльных служб. У такіх выпадках міліцыя рэкамендуе запытаць прозвішча чалавека, патэлефанаваць у яго арганізацыю, паглядзець пасведчанне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?