Раніцай 19 красавіка кіраўнік грамадскай кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімір Няклаеў прынёс у Адміністрацыю прэзідэнта паштоўкі кампаніі з пытаннямі да Лукашэнкі, сабранымі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Па яго словах, на такі крок ён вымушаны быў пайсці таму, што «лісты праўды» з рэгіёнаў не даходзяць да адрасата. Нібыта, іх нават нішчаць на поштах.
Перад тым, як аднесці паштоўкі ў прыёмную, У. Някляеў пагутарыў з журналістамі каля гатэлю «Кастрычніцкі». Ён распавёў, што кампанія дзейнічае ўжо два месяцы і праца яе ўжо прыносіць плён. У якасці прыкладу эфектыўнасці ён распавёў пра факты ціску на сяброў кампаніі, а таксама пра ініцыятыву Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, які «раптам» распачаў маштабную акцыю з падазрона падобнай назвай «Задай пытанне прэзідэнту».
Кіраўнік кампаніі агучыў найбольш частыя пытанні і праблемы простых беларусаў: высокія стаўкі арэнды гандлёвых кропак на гарадскіх рынках, малыя пенсіі, нездавальняючы ўзровень капітальна рамонту і г.д.

Словы Някляева пра пільны інтарэс да кампаніі з боку сілавых структур выдатна праілюстравалі спецназаўцы ў цывільным, якія ачапілі будынак БРСМ, куды сёння ж было вырашана перадаць частку паштовак з пытаннямі. Атлетычнага целаскладу маладыя людзі з дратамі ў вушах патрулявалі і прылеглыя вуліцы.

У Адміністрацыі паштоўкі з пытаннямі прыняць адмовіліся. Пры гэтым няўцямна патлумачылі, што каб такія важныя дакументы прыняць, на іх трэба аформіць даверанасць,
расказала прэс-сакратар кампаніі Юлія Рымашэўская. Тады быў задзейнічаны запасны план — паштоўкі панеслі маладым патрыётам. У вызначаны час з розных бакоў да будынку БРСМ сышліся маладыя людзі ў майках з лагатыпам кампаніі. Некаторыя апраналі майкі на хаду. Пасля непрацяглых перамоваў з міліцыянтамі дэлегацыю моладзі прапусцілі ў сярэдзіну. Паштоўкі прыняў вахцёр установы, той самы, які паказанай у аб’ектыў фатографа «Радыё Свабода» дуляй праславіўся на ўсю краіну.
«Цяпер галоўнае, каб перададзеныя пытанні былі разгледжаныя і вырашаныя тым, каму яны былі адрасаваныя» — заявіў на парозе будынка БРСМ лідэр моладзі АГП Міхась Пашкевіч
, які прыйшоў сёння падтрымаць кампанію.

«Усяго было перададзена каля 40 паштовак», — паведаміла Юлія Рымашэўская. Візіт у БРСМ яна патлумачыла тым, што кампанія імкнецца данесці пытанні грамадзянаў да Лукашэнкі любымі спосабамі. «Нам галоўнае, каб праблемы людзей былі вырашаныя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?