З 11 па 16 жніўня ў Будапешце пройдзе вялікі еўрапейскі фестываль Sziget. Удзел у ім возьме і беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкі». Пра фэст распавядае Вячаслаў Радзівонаў, каардынатар праекта ultra-music.com, інфармацыйнага партнёра Sziget у Беларусі.

Вячаслаў Радзівонаў. Фота Юрыя Сідуна.

Вячаслаў Радзівонаў. Фота Юрыя Сідуна.

«Наша Ніва»: Што сабой уяўляе Sziget?

Вячаслаў Радзівонаў: Фестываль праходзіць на выспе пасярод Дуная, фактычна ў самым цэнтры Будапешта. На выспе размяшчаецца пятнаццаць сцэн, на якіх адбываюцца канцэрты. Сярод іх адна галоўная, на якой выступаюць самыя вядомыя музыкі фэсту. І каля яе збіраецца найбольшая колькасць слухачоў.

Апроч канцэртных сцэн шмат пляцовак для тэатральных імпрэзаў, для забаваў. Усе жывуць на выспе ў намётах. Але там няма пэўных межаў. Намёт можна паставіць у любым упадабаным месцы. І гэта стварае атмасферу вольнасці.

«НН»: Якім чынам адбываюцца канцэрты: цэлыя суткі ці толькі ў начны час?

ВР: На некаторых сцэнах выступы адбываюцца цэлыя суткі. Гэта ў асноўным dance-сцэны, там, дзе электронная музыка. Але на большасці выступы пачынаюцца пасля абеду. І дзесьці пасля кожнай паўтары гадзіны выступу каля гадзіны доўжыцца перапынак. Гэта дае магчымасць схадзіць да іншай сцэны. Вялікі плюс пачатку асноўных канцэртаў пасля абеду ў тым, што ёсць час паглядзець на Будапешт.

«НН»: Пятнаццаць сцэн — гэта шмат. Ці не перашкаджае адзін канцэрт іншаму?

ВР: Выспа настолькі вялікая, што я летась толькі палову яе абышоў. Праблемы часам былі з тым, што электронная музыка перабівала этна-музыку. Але гэта рэдка.

«НН»: Якія дакументы патрэбныя для атрымання венгерскай візы?

ВР: Акрамя асноўных дакументаў трэба мець квіток на фестываль. Вось і ўсё.

«НН»: А дзе ў Мінску можна набыць квіткі?

Упершыню Sziget прайшоў у 1993 годзе. Фестываль не абмяжоўваецца толькі рок-музыкай. Выступаюць і этна-гурты, і электроншчыкі. Квіткі на фестываль каштуюць 170 еўра на ўсе дні. Але ўжо з 30 красавіка іх кошт падымецца да 200 еўра. На фэсце выступяць Muse, Blink-182, Iron Maiden, Children Of Bodom, The Toy Dolls, Infected Mushroom, «Ляпіс Трубяцкі» і іншыя.

ВР: Цяпер ідзе продаж у Інтэрнэце, а таксама праз турыстычную фірму «Рэстмаркет», якая ладзіць аўтобусны тур на фэст. Трэба спяшацца, бо 30 красавіка кошты вырастуць на 30 еўра. Далейшага росту, праўда, не будзе.

Набыць квіткі можна і на самім фестывалі. Праблемы з гэтым няма. Летась на фэсце было каля 320 тысяч чалавек, але месца ўсім хапіла.

«НН»: Чаму візы не зрабілі бясплатнымі, як на Be2gether?

ВР: Была спроба дамовіцца з арганізатарамі фестывалю наконт бясплатных віз. Але гэта цалкам камерцыйны фестываль. І арганізатары ніякага дачынення да візавых пытанняў не маюць. Сёлета першы год, калі ідзе шырокая папулярызацыя Sziget у Беларусі. І калі ў гэтым годзе ўсё пройдзе добра, то не выключана, што арганізатары на наступны год паспрабуюць з пасольствам Венгрыі ў Беларусі дамовіцца па візавым пытанні.

«НН»: На якія практычныя моманты звярнулі б увагу?

ВР: Побач з выспай знаходзіцца супермаркет, у якім можна набыць што заўгодна. Можна нават ехаць без намёта, прыдбаеце на месцы. Для гледачоў на выспе зроблены душы, прыбіральні. Шмат кропак з вугорскай недарагой ежай. Неабавязкова з сабой везці шмат рэчаў. Звярну ўвагу, што на выспу нельга прывозіць алкагольныя напоі. Гэта зроблена з-за таго, што сярод арганізатараў фэсту — вытворцы алкаголю.

«НН»: Да фэсту яшчэ чатыры месяцы. Ці ёсць ужо жадаючыя патрапіць на Sziget?

ВР: Так. Некаторыя ўжо выказалі жаданне ехаць аўтобусамі, якія будзе спецыяльна арганізоўвацца на фестываль з Мінска, іншыя паедуць асобна. Камусьці здаецца, што квіткі на Sziget дарагія. Але калі ўлічыць, колькі там выступіць папулярных музыкаў, якіх у Беларусі мо ніколі і не пабачыце, то гэта зусім нядорага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?