У Мінску фактычна завяршаецца прастудна‑грыпозны эпідсезон. Штодня ў горадзе рэгіструецца ад 3 да 3,5 тысячы зваротаў гараджан у амбулаторна‑паліклінічныя ўстановы з сімптомамі ВРВІ.

Як тлумачаць спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, эпідсезон, які мінуў, нельга назваць звычайным, бо паралельна з цыркуляцыяй звычайных рэспіраторных вірусаў і вірусаў сезоннага грыпу назіралася і цыркуляцыя новага высокапатагеннага штама віруса грыпу А/H1N1, які выклікаў рэзкі эпідэмічны пад’ём у нетыповы для грыпу час — у кастрычніку‑лістападзе 2009 года. Усяго за лістапад вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі і грыпам перахварэлі 9,7 працэнта гараджан. Сярод хворых, шпіталізаваных з ускладненымі формамі грыпу (з вірусна‑бактэрыяльнымі пнеўманіямі) у 44 працэнтаў ідэнтыфікаваўся вірус грыпу А/H1N1.

У студзені—сакавіку 2010 года захворванне на ВРВІ і грып захоўвалася на перадэпідэмічным узроўні: штодня ў горадзе рэгістравалася ад 4,5 да 6 тысяч выпадкаў захворванняў. Аднак фарміраванне чарговага эпідпад’ёму так і не адбылося.

Вывучэнне стану імунітэту мінчан да вірусаў грыпу паказала, што большаць жыхароў сталіцы маюць ахоўныя цітры да сезонных вірусаў грыпу. Так, 57,5 працэнта абследаваных маюць ахоўны імунітэт да вірусаў грыпу А/H3N2; 35,9 працэнта — да віруса грыпу А/N1N1; 26,3 працэнта — да віруса грыпу В і 19,4 працэнта — да пандэмічнага віруса грыпу.

Па меркаванні спецыялістаў, у выпадку эпідэмічнага распаўсюджвання новага варыянта віруса грыпу А сустрэцца з ім на працягу эпідэмічнага сезона рызыкуюць каля 20 працэнтаў мінчан. Між іншым, санэпідслужба сталіцы ўжо распачала падрыхтоўку да правядзення кампаніі па супрацьгрыпознай вакцынапрафілактыцы на будучы эпідсезон. Усяго плануецца ахапіць супрацьгрыпознымі прышчэпкамі да 20 працэнтаў мінчан, у сувязі з чым кіраўнікам прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый сталіцы прапануецца запланаваць выдзяленне фінансавых сродкаў для закупкі супрацьгрыпозных вакцын і арганізацыі імунізацыі працоўнага калектыву.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?