Вінаваты ў «сезонных» пакутах — паліноз

Сезонная алергія — гэта алергічная рэакцыя, якая з’яўляецца ў пэўны час году. Яна можа праяўляцца альбо ў выглядзе сезоннага рынакан’юнктывіта (ці проста кан’юнктывіта) і рыніта, альбо ў пылковай сезоннай бранхіяльнай астме. Прычына з’яўлення сезоннай алергіі — пылок розных раслінаў: дрэваў, траваў, злакавых, складанакветных, споры некаторых грыбоў. Людзі, якія пакутуюць на сезонную, ды і наогул на любую алергію, часта прачынаюцца начамі праз дыскамфорт, удушша, якое перашкаджае нармальнаму сну. Некалькі такіх начэй — і ў вас ужо парушэнне сну. Узнікае нервовасць, раздражняльнасць, 2–3 бяссонныя ночы могуць развіць у вашага дзіцяці істэрыю або гіперактыўнасць.

Наступствы захворвання

З алергіяй жартаваць не варта, яна можа мець дастаткова сур’ёзныя наступствы, выклікаючы як лёгкія праявы кан’юктывіта або рыніта, так і (пры прагрэсаванні алергічнага працэсу) развіццё сезоннай пылковай бранхіяльнай астмы, якая мае некалькі стадый — лёгкую, сярэднецяжкую і цяжкую. Калі алергічны працэс запусціць (а многія звычайна так і робяць), можа ўзнікнуць ужо больш сур’ёзная рэакцыя ў выглядзе бранхаспазму, інакш — бранхіяльнай астмы.

Пакуты з сярэдзіны вясны і да канца лета

Сезонныя алергічныя рэакцыі могуць з’яўляцца ў людзей, якія пакутуюць ад пылку дрэваў, дзесьці з сярэдзіны красавіка да канца траўня — пачатку чэрвеня, з пачатку лета да сярэдзіны ліпеня; далей эстафету ўжо прымаюць складанакветныя травы — з сярэдзіны ліпеня і практычна да першага снегу. Звязаная такая перыядычнасць з тым, што розныя расліны апыляюцца ў дакладны час. Канцэнтрацыя алергенаў у паветры не залежыць ад часу сутак. Мае значэнне сам перыяд квітнення, напрыклад, актыўны перыяд пылення бярозы — самага алергагеннага дрэва — гэта канец траўня, далей колькасць пылковага насення на адзін кубічны метр зніжаецца, але пылок яшчэ прысутнічае ў паветры.

Дзе лепш жыць алергікам?

Ад расліннасці, якая пераважае ў тым ці іншым раёне, залежыць канцэнтрацыя пылку. Калі вы пакутуеце на сезонную алергію і пры гэтым жывяце паблізу ад лесапаркавай зоны, у якой пераважаюць ліставыя дрэвы, асабліва бярозы, вы будзеце значна горш пераносіць перыяд апылення чым, скажам, у зоне, дзе растуць хваёвыя дрэвы.

«Шкодныя» дрэвы

Першае месца сярод алергенных, «шкодных» дрэваў займае бяроза, потым ідуць алешына, ляшчына, клён, ясень.

Славутая таполя, якую абвінавачваюць усе і ва ўсім, аказваецца, наогул не выклікае алергіі. Насамрэч падчас выспявання яго пуховак (а гэта пачатак лета) пачынаецца перыяд квітнення злакавых траваў. Гэтыя пухоўкі збіраюць астатні пылок з дрэваў і пылок злакавых траваў, ажыццяўляючы яго механічны перанос. Менавіта пылок — сапраўдная крыніца алергіі.

«Група падтрымкі» для алергікаў

Прэпараты, якія выкарытоўваюцца для лекавання сезоннай алергіі, можна падзяліць на некалькі групаў.

Антыгістамінавыя, супрацьалергічныя прэпараты. Цяпер на фармацэўтычным рынку прадстаўлена мноства супрацьалергічных сродкаў, таму выбар прэпарата патрабуе ад доктара глыбокіх ведаў пра іх асаблівасці і магчымасці ўжывання. Варта звяртаць увагу не толькі на эфектыўнасць лекавага прэпарата, але і на магчымасць развіцця пабочных эфектаў.

Другая група прэпаратаў — гэта так званыя «крамоны», гэтыя прэпараты падаўляюць алергічнае запаленне. Гэта, як правіла, спрэі, назальныя кроплі або кроплі для вачэй.

Трэцяя група — гэта глюкакартыкастэроідныя прэпараты мясцовага і сістэмнага ўздзеяння. Прэпараты сістэмнага ўздзеяння — гэта гарманальны прэпараты ў таблетках, якія трэба прымаць у выпадку неэфектыўнасці іншай тэрапіі.

Вялікую эфектыўнасць у комплекснай тэрапіі маюць сарбенты, якія дапамагаюць выводзіць алергены, што паступаюць праз слізістую і страўнікава-кішачны тракт у арганізм (Лактрафільтрум, Энторас-гель, актываваны вугаль). Мабыць, гэта галоўныя групы прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца для лячэння сезоннай алергіі.

Яшчэ адным метадам, які можа дапамагчы ад сезоннай алергіі, з’яўляецца плазмаферэз.

Аэразолі — справа звычкі?

Аэразолі, якія ўжываюць пры сезоннай алергіі, бываюць рознымі. Дапусцім, аэразолі, якія ўключаюць крамоны, блакуючы алергічны каскад, можна ўжываць столькі, колькі трэба. У гэтым выпадку няма прывыкання, няма небяспекі перадазавання, іх можна выкарыстоўваць доўгі час. А вось прыём тапічных стэроідаў будзе залежаць ад канкрэтнай сітуацыі. Пры сезонным алергічным рыніце мае сэнс пачынаць карыстацца дадзенымі прэпаратамі за дзесяць дзён да пачатку меркаванага пылення, увесь перыяд пылення і яшчэ дзесяць дзён пасля яго заканчэння.

Фактары, якія ўплываюць на алергію

Значны ўплыў на стан алергікаў у перыяд квітнення раслін, дрэваў, траваў робяць метэафактары. У дажджлівае надвор’е пылок прыбіваецца, і яго канцэнтрацыя ў паветры значна зніжаецца. Ветранае і засушлівае надвор’е спрыяе доўгаму падтрыманню высокай канцэнтрацыі пылку.

У памяшканнях канцэнтрацыя пылку меншая, чым на вуліцы, таму алергікі адчуваюць сябе ў памяшканні значна лепш. Але калі чалавек карыстаецца, скажам, асабістым аўтамабілем і ездзіць з адкрытымі вокнамі ці, напрыклад, адкрывае вокны ў памяшканні, то канцэнтрацыя пылку на вуліцы і ў памяшканні можа быць аднолькавай, і чалавек будзе адчуваць сябе дрэнна ў любым выпадку, незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца.

Што яшчэ можа дапамагчы ад сезоннай алергіі

Лекавымі мерапрыемствамі рэкамендацыі людзям, якія пакутуюць ад сезоннага палінозу, не абмяжоўваюцца. Важнае значэнне мае клімат: калі чалавек з’язджае ў той рэгіён, дзе пыленне ўжо прайшло, ён спакойна перажыве гэты перыяд, вярнуўшыся назад толькі да яго заканчэння. Можна паспрабаваць зменшыць уздзеянне алергенаў, усталёўваючы ачышчальнікі паветра, чысцячы дываны кожны дзень, падтрымліваючы пэўную вільготнасць у кватэры, але часта гэта не мае эфекту або патрабуе празмерных фізічных і матэрыяльных выдаткаў. У перыяд квітнення можна насіць ватна-марлевыя павязкі, асабліва падчас працы на дачных участках. Трымайце дзверы і вокны зачыненымі, усталюйце на акно спецыяльны паветразаборнік з антыалергенным фільтрам. Пазбаўцеся ад дываноў. Пачынайце прымаць прафілактычныя прэпараты за некалькі тыдняў да асноўнага квітнення раслін.

Памятайце пра тое, што не існуе двух аднолькавых чалавек. Ваш доктар можа вызначыць, што з’яўляецца для вас алергенам і якім чынам лепш лячыць праявы алергіі. Паведаміўшы доктару дэталёвую інфармацыю пра ваш лад жыцця і звычкі, вы дапаможаце яму дакладней вызначыць праблему і параіць вам, як даць рады праявам алергіі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?